Успаміны пра адпачынак

Што можа быць лепей за адпачынак у прыгожых мясцiнах ды разам з сябрамi?
У жнiуні моладзь з нашай парафii i з парафii св. Юзафа у Воршы распачала дзесяцiдзённае падарожжа ў Польшчу. Мэтай стаў горад Закапанэ, якi знаходзiцца амаль што на мяжы Польшчы са Славакiяй i прапануе шматлiкiм турыстам пазнаёмiцца блiжэй з гарамi Татрамi.


Менавiта горы пакiнулi найбольш яскравыя ўражаннi: велiчныя краявiды, якiя адразу хочацца сфатаграфаваць на свой тэлефон, спартыўная падрыхтоука i нават трошкi азарту: а цi змагу я падняцца на вышыню 2 тысячы метраў над узроўнем мора? Разам з гэтым вандроўкi горнымi сцежкамi спрыяюць духоўным разважанням, “горы вучаць пакоры”, як неаднаразова заўважаў а. Канстанцiн. Шмат iншых цiкавых момантаў было за гэты час: наведванне аквапарка, Белянскай пячоры ў Славакii, прагулкi па Закапанам i Люблiну, дзе месцам нашага начлегу стала марыянская духоўная семiнарыя. Важнай асаблiвасцю падарожжа стала штодзённая святая Iмша i малiтва, якая стварала сярод нас дух еднасцi i дзе кожны наш дзень мы давяралi Божаму Провiду. На заканчэнне хацелася б ад імя ўсіх удзельнікаў яшчэ раз шчыра падзякаваць нашым духоўным кiраўнiкам i арганiзатарам а. Канстанцiну Анашка i а. Вадзiму Мiзеру.

Фота Г.Лабкоўскай