Апр 10 2019

Дванаццаты турнір міністрантаў

5-6 красавіка ў нашым Санктуарыі адыўся ўжо традыцыйны, дванаццаты Турнір Міністрантаў. Сёлетняя сустрэча стала незвычайнай, дзякуючы таму, што сабрала амаль рэкордную колькасць удзельнікаў – амаль 120 хлопцаў з розных парафій прыехалі ў Жодзіна. Гэтым разам да спісу пастаянных удзельнікаў — Барысава, Друі, Маладзечна, Мінска, Смалявічаў, Оршы – далучылася каманда міністрантаў з Глыбокага. 

За вялікі кубак хлопцы змагаліся ў шматлікіх катэгорыях, сумяшчаючы выпрабаванні сваіх спартыўных талентаў, інтэлектуальных здольнасцяў і літургічнай падрыхтоўкі. Апрача духоўнай часткі праграмы, якая ўключала ў сябе Св. Імшу на пачатак сустрэчы і на заканчэнне, Крыжовы шлях і конкурс літургічных ведаў, безумоўна, адным з самых яскравых момантаў сустрэчы быў турнір па міні-футболе. Малы кубак па міні-футболе сярод малодшых міністрантаў заваявала каманды Барысава, сярод дарослых – каманда парафіі Мінск-Сухарава. Да таго, марыянскія міністранты з сухараўскай парафіі занялі першыя месцы ў конкурсе “Што? Дзе? Калі?” і праявілі сябе найлепшым чынам у інтэлектуальнай гульні па літургічных ведах. Каманда Друі змагла адзначыцца адразу ў трох катэгорыях, заняўшы першыя месцы па настольных футболе, настольным тэнісе і каманднай эстафеце. Але ж па выніках агульнага заліку тройку пераможцаў склалі каманды Мінск-Сухарава (III), Жодзіна (II) і Мінск-Кунцаўшчына (I), таму што менавіта гэтыя каманды стабільна займалі высокія месцы ў кожным са спаборніцтваў.

Трэба адзначыць, што асаблівым чынам гэты турнір адзначыўся высокім узроўнем камандаў і тым, што да апошняй хвіліны немагчыма было адказаць на пытанне, хто ж возьме вялікі кубак. Аб тым, наколькі блізка каманды ішлі адзін за адным можна сведчыць па наступных фактах – змаганне за першае месца вызначалася па дадатковым крэтыры (колькасці першых і другіх месцаў), бо па балах агульнага заліку каманды Жодзіна і Мінска-Кунцаўшчыны былі на адным радку, а трэцяе (Мінск-Сухарава) і чацвёртае (Друя) месцы вызначыліся дзякуючы мінімальнай розніцы ў адзін бал.

Скончыўся турнір Св. Імшой, пасля якой адбылася цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў і пераможцаў, кожны міністрант атрымаў памятныя прызы, якія да наступнай сустрэчы будуць нагадваць аб гэтых цудоўных днях.

Матэрыял падрыхтавалі П. Грыб, Н. Шор і А.Фёдарава