Паўсюдны Каталiцкi Касцёл, падрыхтаваны саракадзённым велікапосным пакаяннем, духоўным i фiзiчным устрыманнем, у Пальмовую нядзелю распачынае перажыванне цэнтральнай таямніцы хрысціянскай веры — падзей, якiя адбылiся больш за дзве тысячы гадоў таму – смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Традыцыйна ў гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерузалем для ажыцяўлення прадказаннага – здзяйснення збаўчага адкуплення чалавека, адбываецца працэсія з вулiцы ў касцёл перад Святой Імшою, а таксама асвячаюцца зялёныя галінкі пальмаў і іншых дрэваў.
У Беларусi, звычайна, гэта дрэва – вярба, таму што яно адным з першых абвяшчае прыход вясны, абуджэнне да новага жыцця распусканнем сваiх ярка-зялёных лiсткоў (адсюль паходзiць папулярная назва свята — Вербная нядзеля). У нашай жодзiнскай парафii ўжо каторы год падрыхтоўкай вербаў займаецца моладзь, каб потым за ахвяраваныя грошы набыць кветкi да Гроба Пана.
Традыцыя перажывання Вербнай нядзелi грунтуецца на евангельскім апісанні ўваходу Хрыста ў Ерузалем: «У той час мноства людзей, якія прыйшлі на свята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Ерузалем, узялі пальмовая галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана, Валадар Ізраэля!» (пар. Ян 12, 12-13). Галоўнай мэтай Пальмовай нядзелi з’яўляюцца ўводзiны ў разважаннi над мукай Пана, а таксама непасрэдная падрыхтоўка да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня. Евангельскае апісанне мукі Езуса Хрыста і Яго смерці на крыжы чытаецца ў гэты дзень падчас кожнай святой Імшы па ролях.
У нашым санктуарыi ў гэтыя днi таксама нязвыкла шматлюдна. Падобна, як i тыя даўнiя часы да Бога прыходзяць натоўпы, часта кiруемыя цiкавасцю, чаканнем цудаў, жаданнем убачыць штосьцi экстраардынарнае.
Яшчэ адна з прычын шматлiкасцi парафiян – велiкапосныя рэкалекцыi, якiя трываюць у нас ад пятнiцы. Цiкавыя канферэнцыi на тэму сужанства i праблем сямейных, сустрэча з моладдзю – за ўсё гэта яшчэ раз шчыра дзякуем ксяндзу- рэкалекцыянiсту Дзмiтрыю Пухальскаму, будзем памятаць пра яго ў нашых малiтвах.
Вядома, што традыцыяналiзм прымушае многiх iсцi ў гадавыя святы ў касцёл, бо наяўнасць у хаце або кватэры асвечанных галiнак нараджае ў сэрцы нейкую дзiўную ўпэўненасць у Божай дапамозе хутчэй, чым штодзённы цесны кантакт з Iм.
Такiм чынам, мы можам ацанiць прыкладную колькасць каталiкоў i маем найважнейшы абавязак малiцца, каб лiк практыкуючых, а не «веруючых у сэрцы» пастаянна ўзрастаў. А таксама каб фiгура Мацi Божай, якая летам будзе ўсталявана на ўездзе ў горад, стала сапраўдным сiмвалам, пацвярджэннем нашай адданасцi Богу, а не проста «абярогам».
Маем ужо так мала i, адначасова, яшчэ даволi шмат часу да надыходу Свята Змёртвыхпаўстання Пана. Падрыхтуйма не толькі свае дамы і святочныя сталы, але перш за ўсё свае сэрцы!
Матэрыял падрыхтавалі: В. Славінская, Г. Раманчук, Я. Лабкоўскі