У Еўропе 770 тысяч чалавек памерлі ад COVID-19. На пачатку Вялікага посту Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) запрашае маліцца за ахвяраў пандэміі, ствараючы адмысловую малітоўна-эўхарыстычную сетку.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кожны еўрапейскі епіскапат арганізуе як мінімум адну святую Імшу ў інтэнцыі ахвяраў каранавірусу. Набажэнства таксама цэлебруецца за сем’і, якія перажываюць страту блізкіх, і за ўсіх тых, хто ўсё яшчэ пакутуе ад вірусу і хто прабывае ў цяжкім стане.
«Біскупы з усёй Еўропы неаднойчы далучаліся да голасу Папы Францішка, каб выказаць блізкасць Касцёла да ўсіх, хто змагаецца з каранавірусам: да памерлых і іх сем’яў, хворых і медыцынскіх работнікаў, валанцёраў і ўсіх, хто на лініі фронту ў гэты няпросты час»,— гаворыцца ў лісце кардынала Анджэло Баньяска, старшыні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.