Турнір міністрантаў

8-9 лістапада ў нашым санктуарыі праходзіў традыцыйны марыянскі турнір міністрантаў. Трынаццаты раз у Жодзіна з’ехаліся хлопцы з розных куткоў Беларусі, каб правесці час з Богам і ў сяброўскай атмасферы пазмагацца за кубак. Больш за 90 міністрантаў з 8 парафій спаборнічалі ў розных спартыўных і інтэлектуальных конкурсах, а таксама паказвалі свае літургічныя навыкі.

Сёлета хлопцы змагаліся ў 6 катэгорыях: конкурсе “Што? Дзе? Калі” па Евангеллю паводле св. Марка, настольным футболе, каманднай эстафета, міні-футболе у ФОЦ “Асілак”, літургічных ведах, а таксама ў новым конкурсе – Трыатлоне, які складаўся з трох этапаў (пнеўматычная стральба, гульня Дартс і камандны марафон на 1600м). Спаборніцтвы былі вельмі напружаныя , аб чым сведчыць факт, што паміж першай тройкай у выніковым заліку была розніца ў 1! бал. Так, першае месца і тытул чэмпіёнаў утрымалі трыўмфатары ХІІ турніру з парафіі айцоў хрыстусоўцаў з мінскай Кунцаўшчыны (38 ачкоў). Другое месца занялі дэбютанты турніру – міністранты з парафіі айцоў капуцынаў у Докшыцах (37 балаў), а на трэцім радку апынуліся сёлета гаспадары з Жодзінскай парафіі (36 балаў). Усіх гасцей, удзельнікаў і арганізатараў давяраем апецы Маці Божай Фацімскай і чакаем на наступным турніры.