Жнівеньская пілігрымка ў Росіцу

Ужо 18-ты раз выходзіла да Росіцы марыянская пілігрымка з Друі. Гэтая невялікая вёсачка, якая знаходзіцца амаль што на мяжы Беларусі з Латвіяй, уводзіць у атмасферу цішыні і сузірання. Утульны кляштар сясцер Эўхарыстак, маляўнічыя далягляды, шмат месцаў ужо пустуючых, але з багатай гісторыяй. Асабліва напаўзакінуты будынак марынскага кляштара, з якім цесна звязана жыццё саміх благаслаўлёных кс. Антонія Ляшчэвіча і кс. Юрыя Кашыры і ў якім па горкай іроніі лёсу ў 1942 годзе нямецкімі акупантамі рыхтавалася карная аперацыя на Росіцу. Гэтыя ўражанні сталі першымі ў маёй, таксама першай, пілігрымцы ў Росіцу.

З упэўненасцю можна сказаць, што падчас яе пануе асаблівы малітоўны настрой, настрой глыбокай задумы над сваім жыццём і падзеямі мінулага. “Да святых, што ёсць на зямлі, да слаўных Тваіх, – да іх усё памкненне маё…” Пс.16:3. Пытанне аб тым, што ёсць святасцю, сталася тэмай для канферэнцый і асабістых разважанняў.

Але сур’ёзнасць гэтых разважанняў ні ў якім разе не змяншае радасці пілігрыма. У гэтым годзе пілігрымка была надзвычай вялікая: больш за 80 чалавек, і ў асноўным моладзевая. Хто як не моладзь умее весела праводзіць вольны час і найбольш шчыра славіць Бога спевамі? Радасна адчуваць гасціннасць людзей, якія прымаюць кожнага дня на начлег і дзеляцца найлепшым, як з доўгачаканымі гасцямі. Гэтыя маленькія і вялікія радасці, сапраўдная духоўная матывацыя і падтрымка тых, хто крочыць побач дапамае прайсці праз усе складанасці шляху: і стомленасць, і мазалі на нагах, і спёку. Дарэчы, усе тры дні нашага шляху стаяла сапраўдная жнівеньская гарачыня пад 30, але пры уваходзе ў Росіцу, як знак Божага благаслаўлення, на нас абрушылася сцяна дажджу. Гэта былі, сапраўды, 15 хвілін самых шчырых усмешак за ўвесь час пілігрымкі.

У Росіцы, як заўсёды, гасцей сардэчна вітае кс. пробашч Чэслаў Курэчка. І ўвогуле, атмасфера амаль што сямейная, усе людзі, што прыйшлі ці прыехалі на ўрачыстасці, могуць змясціцца ў касцёле. Тут ад вячэрняй Святой Імшы для пілірымаў да заключнай Імшы на наступны дзень трывае бесперапынная малітва. Найбольш важны і велічны момант – начная працэсія са свечкамі да месца мучаніцкай смерці Росіцкіх святароў. У цэнтры ўвагі – крыж як знак жыцця, прынесенага ў ахвяру дзеля служэння бліжнім і вернасці Богу.

Дык што ёсць святасцю? Напэўна, шлях да Росіцы прыблізіць цябе да адказу на гэтае пытанне.

Матэрыял падрыхтавала удзельніца пілігрымкі Ганна Лабкоўская.