Хоць, здавалася б, 9 Мая свята свецкае – Дзень Перамогі, але ўспамін пра тыя часы заўсёды кранае сэрца кожнага дарослага чалавека. Асабліва тых, хто асабіста дакрануўся да падзей другой сусветнай вайны. Людзі ішлі на фронт дзеля абароны сваіх родных і блізкіх, дзеля абароны сваёй краіны, сваёй будучыні. І не вярнуліся мільёны. Яны аддалі сваё жыццё за нас з вамі. Таму сапраўды шанаваць гэты подзвіг закліканы ўсякі хрысціянін і любы свядомы грамадзянін. Гэты подзвіг, гэты доўг названы святым, таму што ён бярэ свой пачатак ад Евангельскага Слова Хрыста «Няма большае за тую любоў, калі хто пакладзе душу сваю за бліжняга свайго» (Ян. 15: 13).
Як кажуць, у акопах няверуючых няма. Але не толькі у акопах. Пасёлак Цэнтральны, недалёка ад Жодзіна, дзе жылі нашы бацькі, нечакана акружылі эсэсаўцы. Пайшлі па хатах і забралі толькі дарослых. Дзяцей не чапалі і яны заставаліся дома. Усіх прывялі да гумна і зачынілі у будынку. Хто спрабаваў збегчы ў лес быў расстраляны на месцы. Гумно пачалі абкладаць саломаю. Як вы думаеце, што адчувалі гэтыя людзі ў той час? Весяліліся? Ці плакалі? Да каго яны маліліся? Да Сталіна, ці Гітлера? І вось усё заціхла. Падрыхтаванні скончыліся. Як потым стала вядома – чакалі нейкага высокага афіцэра. Праз паўгадзіны ці крыху болей ён прыехаў. І адмяніў загад аб знішчэнні. (З успамінаў Гапановіча Эдуарда Уладзіміравіча). Пра гэта ён памятаў ўсё жыццё.
“Мір вам!” – віталі у часы Хрыста адзін аднаго. Слова “мір” гучала асаблівым колерам у пасляваенныя гады. Аб захаванні міру доўгі час людзі клапаціліся найбольш як аб чым. Але сёння нам зноў патрэбна на першае месца паставіць гэтае слова. Ўвесь свет зноў напоўнены дынамікай узаемнай нянавісці, непаразуменняў, недаверу да свайго брата. А можа таму, што нам з вамі зноў не хапае міру з Хрыстом, міру са сваім сумленньнем? Расколіна ў грамадстве – расколіны ў агульным будынку чалавецтва. На жаль вельмі часта я назіраю сітуацыі, калі людзі свае персанальныя амбіцыі выдаюць за голас народа і гатовы парушаць любыя правілы паводзін у грамадстве і законы дзеля нейкіх надуманых мэтаў, ізноў дзеля сваіх персанальных амбіцый. Святое слова “Мір” мы падмяняем незразумелымі “свабода”, “незалежнасць”, “дэмакратыя”. Гарантую, што кожны чалавек будзе па-своему трактаваць гэтыя словы. Але слова Мір зразумела большасці без тлумачэння. Мір вам! Са святам Перамогі!
Я.Лабкоўскі, рэдактар старонкі