“28. Адзін кніжнік, чуючы іхнія спрэчкі і бачачы, што Езус хораша ім адказваў, падышоў і спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў?
29. Езус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: «Слухай, Ізраіль! Гасподзь Бог наш ёсць Гасподзь адзіны;
30. і палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім, і ўсёю моцаю тваёю»: вось, першая запаведзь!
31. Другая, падобная да яе: «палюбі бліжняга твайго, як самога сябе»; іншай запаведзі, большай за гэтыя, няма.
32. Кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! добра, праўду сказаў Ты, што адзін ёсць Бог і няма іншага, апрача Яго;
33. і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, ёсць больш за ўсе ўсеспаленні і ахвяры.
34. Езус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Валадарства Божага. Пасля таго ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.
(Паводле Марка 12:28-34)
Сёння, 4 лістапада 2018 года, памінальную святую Імшу жодзінскія католікі правялі на ўсходніх могілках. Разам маліліся за душы памерлых бацькоў, родных і блізкіх. Разважаючы над Словам Божым, а. Міхаіл, пробашч парафіі, звярнуўся да прысутных. Каб яшчэ раз мы ўсведамілі, што ведаць і выконваць галоўныя Божыя прыказанні – розныя рэчы.
“Таму чалавек, які прыняў Божыя прыказанні і паступае згодна з імі, блізкі да Божага Валадарства. Блізкі таму, што пакуль мы ходзім па зямлі, заўсёды можна змяніць свае думкі, адысці ад Бога.
Ў апошнія дні свайго жыцця чалавек пачынае ацэньваць свае ўчынкі, рашэнні. І заўсёды шкадуе за тое, што некалі зрабіў дрэннага, але ніколі не шкадуе за любоў, не шкадуе за ўчыненае дабро. Прыказанні любові заўсёды адбіваюцца радасцю ў сэрцы чалавека. Але калі чынім зло – ніколі не адчуваем радасці ад гэтага.
Адказваючы на пытанне кніжніка, Езус найперш гаворыць:”Слухай, Ізраіль!” Гэта азначае, што найперш трэба пачуць. Пачуць сэрцам і зрабіць гэтыя прыказанні Любові сваімі, стылем свайго жыцця.
Божыя запаведзі людзі перадаюць тысячагоддзямі сваім нашчадкам, яны сталі асновай, галоўным законам чалавечага існавання. І калі будзем жыць гэтымі запаведзямі любові, то ў апошні момант, як станем перад Богам, нам не будзе сорамна.
Сёння дарам любові да бліжніх, якія адышлі да вечнасці, з’яўляецца наша малітва. Мы просім міласэрнага Бога, каб былі прабачаныя іх грахі, недавер Богу. Каб разам з гэтым узрастала наша любоў да Бога і бліжняга. Каб кожны хрысціянін нёс іскры любові ў гэты свет. А іншыя маглі спазнаць гэтую любоў і найважнейшыя Божыя запаведзі.