а хто ахвяруе жыццём, каб служыць іншым, падкрэсліў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў у Пальмовую нядзелю 5 красавіка ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік распачаў сваю гамілію словамі: «Езус “выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі». «Бог нас збавіў, паслужыўшы нам. Звычайна мы думаем, што гэта мы служым Богу. Але на самой справе, гэта Ён бескарысліва паслужыў нам, бо першым палюбіў нас.
Цяжка любіць і не быць любімым, а яшчэ цяжэй служыць, калі мы не дазваляем Богу паслужыць нам»,
— дадаў ён.
Пастыр паўсюднага Касцёла зазначыў, што Бог паслужыў нам да такой ступені, што сам перажыў самыя балючыя сітуацыі для тых, хто любіць: здраду і пакінутасць.
«Жудасна, калі наш вялікі давер апынаецца падманутым. У глыбіні душы нараджаецца такое расчараванне, што здаецца, жыццё больш не мае сэнсу. Гэта адбываецца таму, што мы былі народжаныя, каб быць любімымі і любіць, а самае балючае — гэта калі здраджваюць тыя, хто абяцаў нам вернасць і блізкасць. Мы нават не можам уявіць сабе, наколькі гэта балюча для Бога, які сам ёсць любоўю», — дадаў Святы Айцец.
Папа заклікаў падумаць, як часта мы здраджваем Богу сваёй нявернасцю, фальшывасцю, крывадушнасцю і двудушнасцю, нястрыманым словам і пастановамі.
Але замест таго, каб трапляць у роспач, трэба ўзняць вочы да Укрыжаванага і прасіць аб Яго падтрымцы.
Святы Айцец заўважыў, што Езус служыць нам, спазнаўшы поўную пакінутасць, калі здавалася, што нават Айца не было побач. Калі мы знаходзімся ў тупіку, без святла і выйсця, калі здаецца, што нават Бог не адказвае, трэба памятаць, што не самотныя.
«Сёння, падчас драмы пандэміі, перад абліччам шматлікіх падманутых спадзяванняў, калі на нашых вачах разбураюцца шматлікія апоры, калі адчуванне самотнасці сціскае сэрца, Езус кажа кожнаму з нас: „Будзь мужны, адкрый сэрца на Маю любоў, і тады адчуеш суцяшэнне Бога, які падтрымлівае цябе“», — сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў адказаць Езусу, які паслужыў нам, спазнаўшы здраду і пакінутасць, не здраджваючы таму, для чаго мы былі створаныя, і не пакідаючы таго, што па-сапраўднаму вартае.
«Не будзем думаць толькі пра тое, чаго нам не хапае, але пра дабро, якое можам зрабіць»,
— адзначыў Святы Айцец.
«Вядома, што любіць, маліцца, прабачаць, клапаціцца пра іншых, у сям’і і грамадстве, можа каштаваць, можа здавацца Крыжовым шляхам. Але шлях служэння — гэта пераможны шлях, які нас збавіў і які збаўляе нам жыццё», — дадаў ён.
Святы Айцец звярнуўся да моладзі, заклікаючы глядзець на сапраўдных герояў, якія становяцца бачнымі ў гэтыя дні: гэта не тыя, хто мае славу, грошы і поспех, але тыя, хто ахвяруе сабой, каб служыць іншым.
«Не бойцеся прысвяціць жыццё Богу і іншым — ад гэтага вы толькі выйграеце. Жыццё — гэта дар, які мы атрымліваем, калі дорым яго.
Самая вялікая радасць — казаць „так“ любові, без „калі“ і без „але“, як гэта зрабіў Езус для нас»,
— гэтымі словамі завяршыў гамілію Пантыфік. (Паводле: Vatican News)