“Таямніца шчасця” – што гэта?
Аўтар: кс. Павел Салабуда
04.02.2011
Гэта збор пятнаццаці малітваў св. Брыгіты да Збавіцеля і Яго цудоўных абяцанняў.
Паводле біёграфаў, факт аб’яўлення меў месца ў Рыме, калі Брыгіта малілася ў славутай
Базыліцы св. Паўла за Мурамі. Наведваючы сёння базыліку, можна ўбачыць распяцце ў
натуральную велічыню, перад якім кленчыла св. Брыгіта. Тут яна размаўляла з
Укрыжаваным Хрыстом.
Святая Брыгіта нарадзілася каля 1302 г. у Швецыі ў багабаязнай сям’і. Яна паходзіла з
княжацкага роду. Неўзабаве пасля яе нараджэння памірае маці, выхаваннем займаюцца
зычлівыя цёткі. На працягу першых трох год свайго жыцця дзяўчынка не магла вымавіць
аніводнага слова. З дзіцячага ўзросту Брыгіта адзначалася асаблівай пабожнасцю. Праз
некаторы час да яе вяртаецца здольнасць гаварыць. Брыгіта шмат часу прысвячала
малітве і духоўным практыкаванням. Дзесяцігадовай дзяўчынкай яна прысніла сон. Ёй
здавалася, што яна бачыць Езуса, прыбітага да крыжа, параненага і сплываючага
крывёй. Сон вельмі ўразіў Брыгіту і надоўга застаўся ў яе свядомасці. Яна прысвячае
сваё жыццё роздуму пра пакуты Хрыста. Маладой дзяўчынай яна ўзяла шлюб з Ульфам
Гудмарсонам. Нарадзіла васьмёра дзяцей, у тым ліку і сваю духоўную спадкаемцу св.
Кацярыну, названую Шведскай. Брыгіта атрымала ад Бога дар прароцтва. Яна
прадказала Божыя кары для шведскага караля, а таксама прасіла папу Інакенція VI, а
пазней Урбана V вярнуцца ў Рым. Яна будуе кляштар і імкнецца зацвердзіць ордэн
брыгітак. Памірае ў прадказаны ёю дзень у 1373 г., а праз пяць год быў зацверджаны
ордэн сёстраў-брыгітак. Праз 18 год пасля смерці яна была вынесена на алтары. Папа
Бэнэдыкт XVI акрэслівае верагоднасць аб’яўленняў св. Брыгіты. Святая дала штуршок
ушанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Яго балеснай пакуты. † Са справаздачы
святой вынікае, што кожны, хто штодзённа возьмецца за гэтае рэлігійнае
практыкаванне, адгаворыць на працягу года столькі маліваў разам з “Ойча наш” і “Вітай,
Марыя”, колькі ўдараў атрымаў наш Збавіцель падчас сваёй балеснай пакуты. З
біяграфіі св. Брыгіты мы даведваемся таксама, што Езус дадаў да аб’яўленых малітваў
цудоўныя абяцанні для тых, хто будзе адгаворваць іх з верай і пабожнасцю. Між іншым,
Езус абяцае, што такіх людзей Ён зберажэ ад раптоўнай смерці, пазбавіць душы вечных
караў, адорыць усім, пра што яны папросяць Бога і Найсвяцейшую Панну, а там, дзе
адгаворваюцца гэтыя малітвы, Бог прысутнічае са сваёй ласкай. Кожны дзень на
працягу цэлага года трэба адгаворваць 15 малітваў. Тады многія абяцанні, дадзеныя св.
Брыгіце, споўняцца. “Таямніца шчасця” – гэта досвед Бога, які адорвае кожнага з нас
шчасцем і дае магчымасць дзяліцца шчасцем з іншымі.
На працягу многіх год “Таямніца шчасця” выклікае вялікі інтарэс у паасобных людзей
розных малітоўных асяроддзях у Беларусі. Касцёльная ўлада дала згоду на пераклад
“Таямніцы шчасця” на польскую і беларускую мовы. Ёсць пераклад на рускую мову.