Пятніца Вялікага тыдня – (лац. Dies Passionis Domini).
Яна прысвечана ўспаміну асуджэння на смерць, крыжовых пакут і смерці Езуса Хрыста, а таксама зняцця Яго з крыжа і пахавання.
Пакаранне распяццем на крыжы ў той час было самым ганебным, самым пакутлівым і самым жорсткім. Такой смерцю каралі ў той час толькі самых заўзятых злачынцаў: разбойнікаў, забойцаў, мяцежнікаў і злачынных рабоў.
Пакуты ўкрыжаванага чалавека немагчыма апісаць. Акрамя нясцерпных боляў ва ўсіх частках цела і пакут, укрыжаваны адчуваў страшную смагу і смяротную душэўную тугу. Смерць была настолькі павольная, што многія пакутавалі на крыжах па некалькі дзён. Нават выканаўцы пакарання – звычайна, людзі жорсткія, – не маглі стрымана глядзець на пакуты раскрыжаваных. Яны рыхтавалі пітво, якім імкнуліся або здаволіць невыносную смагу іх, ці ж прымешкай розных рэчываў часова падтупіць свядомасць і палегчыць пакуты.
Па габрэйскім законе, укрыжаваны лічыўся праклятым. Начальнікі юдэйскія хацелі навекі зганьбіць Езуса Хрыста, прысудзіўшы Яго да такой смерці.
Калі прывялі Езуса Хрыста на Галгофу, то ваяры падалі Яму піць кіслага віна, змяшанага з горкімі рэчывамі, каб палегчыць пакуты. Але Езус, паспрабаваўшы, не захацеў піць яго. Ён не хацеў ужываць ніякага сродку для палягчэння пакут, якія Ён прыняў добраахвотна за грахі людзей.
Калі ўсё было падрыхтавана, воіны ўкрыжавалі Езуса Хрыста. Гэта было каля поўдня, па-габрэйску а шостай гадзіне дня. Калі ж распіналі Яго, Ён маліўся за Сваіх катаў, кажучы: “Ойча! Даруй ім, таму што яны не ведаюць, што робяць».
Каля крыжа Збавіцеля стаялі Маці Ягоная, апостал Ян, Марыя Магдалена і яшчэ некалькі жанчын. Немагчыма апісаць смутак Божай маці, якая бачыла нясцерпныя пакуты Свайго Сына!
Езус, убачыўшы Маці Сваю і апостала Яна, што побач стаяў, якога асабліва любіў, кажа Маці Сваёй: «Жанчына, Вось сын Твой». Потым кажа Яну: “Вось Маці твая». З гэтага часу Ян узяў Панну Марыю да сябе ў хату і клапаціўся аб Ёй да канца Яе жыцця.
Між тым, падчас пакут Збавіцеля на Галготе, адбылося вялікае знаменне. З таго часу, як Збаўца быў укрыжаваны, гэта значыць з шостай гадзіны (а па нашаму рахунку з дванаццатай гадзіны дня), сонца памеркла і настала цемра па ўсёй зямлі, і працягвалася да самай смерці Збавіцеля.
Гэтым падзеям і была прысвечана Літургія Божага Слова і адарацыя Крыжа ў нашым санктуарыі.
Аўтар – Я. Лабкоўскі