25 сакавіка Касцёл прысвеціць Беларусь Беззаганнаму Сэрцу Марыі

РАСПАРАДЖЭННЕ СТАРШЫНІ КАНФЕРЭНЦЫІ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ У БЕЛАРУСІ

Свет ахінула пандэмія каранавірусу, якая пагражае таксама і Беларусі.

Мы ўдзячныя супрацоўнікам службы аховы здароўя і іншых дзяржаўных і грамадскіх структур, якія ахвярна клапоцяцца аб прадухіленні гэтай заразнай хваробы. Адначасова з гэтым вернікі розных веравызнанняў і рэлігій моляцца ў гэтай інтэнцыі, сведчаннем чаго стала супольная малітва католікаў, праваслаўных, лютэранаў, баптыстаў, юдэяў і мусульманаў, якая адбылася 21 сакавіка ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).

Папа Францішак заклікаў усіх хрысціянаў ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 2020 г. у 12.00 разам прамовіць малітву «Ойча наш» у інтэнцыі выбаўлення свету ад заразнай хваробы каранавірусу. Заклік Папы з’яўляецца заахвочваннем да малітоўнай салідарнасці. Таксама і мы, вернікі Беларусі, уключаемся ў гэтую ініцыятыву Пантыфіка.

У сувязі з вышэйсказаным, пасля кансультацыі з беларускімі біскупамі загадваю наступнае:

25 сакавіка ва ўсіх катэдрах, санктуарыях Маці Божай, а таксама, паводле разважлівага меркавання пробашчаў, у іншых касцёлах у 11.30 арганізаваць адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Напрыканцы адарацыі прачытаць Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
У 12.00 памаліцца «Ойча наш».
Удзяліць благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам прысутным вернікам і ўсёй Беларусі, благаслаўляючы на чатыры бакі свету.
З малітвай і благаслаўленнем,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 23 сакавіка 2020 г.