Часта ў штодзённай мітусні мы не даем сабе справаздачы з таго, што ў нашым жыцці бываюць сапраўдныя цуды. Злуемся з-за дажджу, але не заўважаем, што ў гэты самы мокры і халодны дзень аўтобус прыйшоў на некалькі хвілін раней, да таго ж яшчэ і пусты! Расчароўваемся, што спазняемся на сустрэчу, але потым, калі даведваемся аб тым, што яна пачнецца праз пяць хвілін пасля нашага прыхода, не думаем пра свой “поспех”. Хоць і ўсё гэта цуды штодзённыя і маленькія, але ж не заўважаем мы і Цуда Найвялікшага, Найбольшага, які толькі можа быць – цуда Эўхарыстыі.
З верай і трапяткім сэрцам мы прыходзім у касцёл, молімся, спяваем, але ці часта задумваемся аб тым, наколькі важным момантам з’яўляецца Святая Імша? Ці ўсведамляем, што разам з намі, магчыма стомленымі і соннымі, у святыні моліцца Сам Хрыстос?
Асаблівым чынамі маліліся ўсе Святыя Божыя ў нашай святыні 16 чэрвеня на святарскіх пасвечаннях брата Канстанціна Гушчы МІС. Прыгожыя кветкі, хор дапаўняе велічнасць моманту ўзнёслымі спевамі, на тварах свяцяцца ўсмешкі. Вялікі цуд сапраўды здзяйсняўся на нашых вачах. Кажучы словамі біскупа Алега Буткевіча, які ўзначаліў святую Імшу, “Хрыстос атрымаў яшчэ адны рукі”. Сапраўды, яшчэ адны святарскія рукі ад гэтага часу змогуць удзяляць сакраманты, благаслаўляць, яшчэ адно святарскае сэрца пакладзенае на алтар Пана, яшчэ адзін воін уступіў у войска Хрыста каб змагацца за Любоў.
На пасвячэнні прысутнічалі святары і кансэкраваныя асобы з бліжэйшых марыянскіх парафій, настаўнікі і выхаваўцы а. Канстанціна з духоўнай семінарыі ў Любліне: кс. правінцыял Томаш Навачак МІС, выхаваўца кс. Яцэк Рыгельскі МІС, духоўны айцец кс. Еўгэньюш Зажэчны МІС. Пасвечанні ўдзяліў кс. біскуп Алег Буткевіч – ардынарый Віцебскай дыяцэзіі.
Мама і бабуля новапасвечаннага ксяндза Канстанціна Гушчы МІС
Падрыхтавалі Я. Лабкоўскі і П.Грыб