Святарскі юбілей айца-марыяніна Юзафа Пятушкі

65 год святарскіх пасвячэнняў айца-марыяніна Юзафа Пятушкі адзначылі 16 сакавіка ў жодзінскім санктуарыі Фацімскай Божай Маці.

16 сакавіка вельмі далёкага ад нас 1957 года дыякан Юзаф Пятушка апрануў душпастырскі габіт і да гэта часу застаецца верным дэвізу Кангрэгацыі айцоў-марыянаў – Pro Christo et Ecclesia (за Хрыста і за Касцёл). Не пералічыць усіх спраў, усіх сакрамэнтаў, якія удзяліў людзям за гэтыя гады айцец Юзаф, колькі яго выхаванцаў сталі святарамі, бачачы ў ім прыклад шчырай веры,  вернасці і адданасці Богу.

Павіншаваць шаноўнага юбілята ў гэты дзень прыехалі ў жодзінскі санктуарый мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі, апостальскі візітатар для вернікаў грэка-каталіцкага абраду Сяргей Гаек, айцы-марыяне, парафіяне з Жодзіна і Барысава.

«Сёння, у гадавіну святарства, шаноўны айцец Юзаф нібыта запрасіў нас у той вячэрнік, 65 год таму, калі ён першы раз пачуў словы «ты – святар, на падобу Мельхізэдэка, ты будзеш прыладай у руках Божых», – сказаў арцыбіскуп. – І ўсе гэтыя 65 год ён здзяйсняе вялікія справы тут, на зямлі. Ён адказаў на заклік Божы «пайдзі за мной, Юзэфе, пайдзі за мной». І ён пайшоў. І гэты яго шлях прыгожы, хоць і нялёгкі, але гэта шлях з Езусам, які яго ўзмацняе. І сёння мы сабраліся ў гэтым прыгожым санктуарыі, каб выказаць падзяку Богу за гэты дар святарства ад імя ўсіх тых людзей, да каго дакранулася Божая ласка праз айца Юзафа, ў тым ліку і за 30 год працы на Беларусі, што ён апавяшчае радасць, каторую дае чалавеку жывы Хрыстус».

Аб жыццёвым і святарскім шляху айца Юзафа Пятушкі нагадаў падчас гаміліі біскуп Юры Касабуцкі. «Святарства, як сказаў святы Ян Павел II, – гэта дар і таямніца, дар, які Бог дае чалавеку, якога Ён выбраў і які адказаў Яму «так». Нялёгка зрабіць гэты крок. Але ў Бога няма нічога выпадковага», – падкрэсліў ён.

Народжаны ў Росіцы, хлопчыкам Юзаф хадзіў з бацькамі да касцёлу, а першую споведзь і Першую Камунію ўдзяліў яму блаславёны цяпер мучанік Юры Ляшчэвіч. Потым быў пераезд у Польшчу, сталенне юнака, адказ Богу на заклік да паклікання, ордэн айцоў-марыянаў. Бог зрабіў так, каб амаль у 60 год а. Юзаф вярнуўся на Беларусь, дзе вера і святыні нішчыліся бязбожнай уладай на працягу многіх дзесяцігоддзяў. І менавіта ён, святар-руплівец, з Божай дапамогай і дапамогай Панны Марыі адраджаў веру і Касцёл на Беларусі, верны дэвізу Pro Christo et Ecclesia і спаталяючы  прагненне сасмаглых вернікаў слухаць Слова Божае і ісці за Хрыстом, яднацца з Богам у сакрамэнтах.

«Ён быў першым марыянінам, які прыехаў на Беларусь, – нагадаў Юры Касабуцкі. – А цяпер ужо трынаццаць айцоў-марыянаў працуюць у нашай краіне, у тым ліку дзякуючы малітве айца Юзафа, дзякуючы ахвяры яго жыцця, яго прыкладу. І мы сёння дзякуем Езусу не толькі за дар святара, за такі яскравы прыклад самаадданага ахвярнага служэння, выканання Божай волі, але і за таго чалавека, чалавека-легенду, які стаў такой маленькай фортачкай, праз якую пранікала Божая ласка, свежае паветра веры».

Матэрыял падрыхтавала Іна Кавальчук-Грыб

Фота Сяргея Гудзіліна