здаецца, пада мною трэслася амбона”: – кусташ санктуарыя пра “адносіны” з музыкай. (па матэрыялах “Радыё Марыя”)
Рубрыка «Слухай з намі» на «Радыё Марыя» працягвае развівацца. Сёння пра любімыя спевы і гісторыю «адносінаў» з музыкай нам расказвае айцец марыянін, кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, Міхаіл Цвячкоўскі.
-Айцец Міхаіл, як вашае жыццё звязана з музыкай?
– Я люблю музыку. У 9-м класе паступіў у музычную школу. Вучыўся па класе акардэона, але не паспеў яе скончыць. У семінарыі акардэону не было, але мне вельмі хацелася далей вучыцца іграць. Была яшчэ гітара, але мой «настаўнік» ведаў толькі 5 акордаў. Ён паказаў мне іх. Яго ігра засталася на 5-ці акордах, ну а я зрабіў некалькі крокаў наперад. Хацелася спяваць і граць Богу.
– А які быў ваш любімы спеў, калі вы служылі пры алтары міністрантам?
-Самая любімая – гэта псальм. Таму што я вельмі хацеў спяваць і адначасова вельмі гэтага баяўся. Калі я спяваў свой першы псальм, то, здаецца, пада мною трэслася амбона (усміхаецца).
-А калі вы спявалі свой першы псальм?
-Гэта быў, можа, 8-мы клас. Я добра не памятаю. Але добра памятаю, што мы любілі спяваць каноны, спеў «Ubi Caritas» і іншыя касцёльныя спевы.
-А калі вы прыйшлі ў семінарыю, ваш рэпертуар таксама змяніўся?
– Ужо ў навіцыяце я навучыўся іграць на гітары і пачаў спяваць на набажэнствах. Падчас малітвы вельмі любіў спяваць пад гітару. На 3-м курсе семінарыі я быў адказным за спеў. Гэта цікавы досвед, дзе я вучыўся літургічным спевам, калі трэба было рыхтавацца да святой Імшы. На розныя набажэнствы, мы падбіралі адмысловыя спевы пад гітару. Сярод інструментаў у нас былі гітары, скрыпка, тамтам, бас-гітара, клавішы.
– А якая песня была любімаю?
– Я любіў 103-ці псальм – «Міласэрны наш Пан і добры». У ім вельмі прыгожыя словы — ён праслаўляе Божую мілаэрнасць. Менавіта ў нашай семінарыі стварылі пад гэты псальм мелодыю. І гэты спеў, дарэчы, перакладзены на беларускую мову.
– Як часта вы цяпер сутыкаецеся з музыкай?
-Я трошку аддаліўся ад яе, менавіта ў выкананні. Бо ёсць арганісты, якія прафесійна гэтым займаюцца. А я засяродзіўся на абвяшчэнні Божага слова, каб гэтае слова кранала людзей і яны маглі сустрэцца з жывым Панам. Але музыку я ўсё роўна працягваю любіць. Часам, калі чую гітару, то шкадую, што далей не развіваўся ў гэтым напрамку. Але я ўсё ж такі не да гітары быў пакліканы, а да абвяшчэння Божага слова.
– А якая цяпер у вас любімая песня?
– Усё той жа 103-ці псальм і спеў «Слова Тваё». З традыцыйных песень мне вельмі падабаецца «Пан апора наша, свету Валадар», «Праслаўляю з верай, Божа мой, Цябе». Яшчэ люблю «Дай, добры Божа», «Божа, што калісь народы паасобку падзяліў», аўтарам якой з’яўляецца марыянін, айцец Язэп Германовіч, калі быў у ссылцы. Асаблівая любоў у мяне да спеваў евангелізацыйнага гурта «Рыбы» і гурта «Кана» (дыск «Крылы»). Я люблю спевы з мажорнай пазітыўнай ноткай, а не меланхалічныя. Хрыстус, калі прамаўляе да чалавека, заўсёды робіць гэта з пазітывам, з ноткаю суцяшэння і надзеі. Ну а яшчэ я люблю беларускую народную «Купалінку».
Любімыя спевы можна паслухаць на хвалях нашага радыё, а таксама тут
Размаўляла Марта Амбросава
Фота кс. Ян Глінка