Удзел у Літургіі анлайн

Хвала Хрысту!

Час і абставіны, якія мы ўсе цяпер перажываем, натхнілі мяне да некалькіх пабожных (і, спадзяюся, карысных) думак. З усім вядомай прычыны многія каталіцкія сем’і прымаюць рашэнне часова абмежаваць сваю прысутнасць у святыні і засяродзіцца на супольнай і асабістай малітве дома. Дзякуй Богу, Беларускі (і не толькі) Касцёл дае такую магчымасць праз адпаведныя дыспенсы і шматлікія тэхнічныя дапамогі (Catholic.by, Радыё Марыя і іншыя). Варта памятаць, што ўдзел у Святой Імшы праз анлайн-трансляцыю не з’яўляецца альтэрнатыўнай формай ці рытуалам Літургіі Касцёла, але вымушанай мерай і дапамогай, якая ў дадзеных абставінах дазваляе нам падтрымліваць духоўнае жыццё і лучнасць з супольнасцю Касцёла. Сёння мы прымаем слушнае і разумнае рашэнне застацца дома, але ад усяго сэрца прагнем, калі скончыцца пандэмія (а гэта ж некалі станецца), зноў сустрэцца разам у Божым доме, у сваёй святыні.

Калі пераходзім на ўдзел у Эўхарыстыі праз анлайн-транляцыю, трэба таксама адпаведным чынам да гэтага падрыхтавацца. Таму хочацца даць некалькі практычных парадаў.

Падрыхтоўка сэрца

Хоць фізічна мы не прысутнічаем у святыні, аднак духоўна лучымся з тым, што там адбываецца. Таму трэба запланаваць час так, каб удзельнічаць у Св. Імшы ў прамым эфіры, а не праглядаць яе ў запісе. Так як у касцёл мы стараемся прыйсці загадзя, каб падрыхтавацца да Літургіі, так і дома мы не “ўскокваем да манітора хуценька з кухні”, але раней плануем адпаведную гадзіну. На шчасце, сёння можам лёгка знайсці трансляцыі ў розныя гадзіны дня.

Па магчымасці, варта ўдзельнічаць у Імшы ўсёй сям’ёй, дапамагчы арганізаваць прагляд старэйшым і хворым бацькам і патлумачыць дзецям, што зараз будзе адбывацца і чаму мы молімся дома, а таксама, што гэта не час на забаву.

Трэба максімальна адкласці на пазней ўсе іншыя справы і заданні. Не будзе годным удзелам “слуханне Імшы” тады, калі мы гатуем вячэру. Не зашкодзіць таксама выключыць ці адкласці ўбок тэлефон. Свет без нас не заваліцца. У касцёле ж неяк вытрымліваем без сувязі.

Неабходна памятаць, што мы не збіраемся перад экранам для сямейнага прагляду нейкай тв-перадачы, але духоўна лучымся з Найсвяцейшай Ахвярай, якая адбываецца ў святыні.

Падрыхтоўка месца

Безумоўна, у хатняй абстаноўцы мы не зробім з дому касцёла, але стварыць атмасферу, якая спрыяе малітве, будзе вельмі карысным. Не адкрыю Амерыкі, калі скажу, што не будзе годным удзел ў Св. Імшы лежачы на канапе, альбо нават седзячы ў мягкім крэсле пад цёплай коўдрай з кубкам кавы ці гарбаты ў руцэ. Вядома, не паставім дома кленчнік і не пабудуем лаўкі і канфесіяналы, але варта падрыхтаваць месца так, каб гэта спрыяла больш сур’езнаму і глыбокаму перажыванню літургіі. Годнай справай будзе таксама размясціць тэхнічныя сродкі прагляду так, каб яны былі бачныя старэйшым і хворым, якія самі не могуць устаць з ложка. Месца трэба наладзіць так, каб мы маглі адчуваць сябе камфортна і стварыць малітоўную атмасферу. А таксама каб не было спакусы заснуць падчас казання, хоць гэта ў большасці залежыць ужо ад святара .

Прыгожым жэстам будзе паставіць побач з экранам крыж і свечку (толькі асцярожна, каб не спаліць правады!). Гэта не абавязковая ўмова для важнасці Імшы, але цудоўны знак, які крыху наблізіць да нас атмасферу Эўхарыстыі. Трэба памятаць, што праз анлайн-трансляцыю Літургіі камп’ютар ці тэлефон не асвячаецца і не становіцца літургічным прадметам (некаторыя маглі б нават ўзрадавацца такому), але з’яўляецца ўсяго толькі дапаможным сродкам, падобна як мікрафон і калонкі ў касцёле.

Для ўдзелу ў Эўхарыстыі, з павагі да Хрыста і Літургіі Касцёла стараемся адпаведна апрануцца. У нядзелю і святы варта апрануцца прыгожа. Нягодным будзе удзел у Імшы ў халаціку ці ў піжаме.

Удзел у Святой Імшы

Важнай умовай падрыхтоўкі да Імшы ў любым месцы, як у касцёле, так і дома, ёсць малітва. Цудоўным жэстам будзе супольная малітва перад пачаткам трансляцыі з удзелам усёй сям’і. Дзецям варта патлумачыць, што праз момант будзе адбывацца.

Абсалютна недарэчным будзе падчас Св. Імшы спажыванне нейкай ежы і напояў, ці, не дай Божа, колы з чыпсамі. Дарэчы нават па-за Імшой чыпсы і кола шкодзяць зубам.

Падчас Імшы, як і ў святыні, стараемся актыўна ўдзельнічаць у малітвах, спевах і словах, якія належаць вернікам. Наколькі дазваляе месца і здароўе, выконваем усе жэсты і паставы, якія зазвычай прымаем у касцёле.

З увагай слухаем Божае Слова. Сёняшнія тэхнічныя сродкі дазваляюць нам нават азнаёміцца з  чытаннямі раней, каб лепш разумець іх падчас Імшы.

Стараемся максімальна удзельнічаць ва ўсёй Эўхарыстыі. Не выходзім “паставіць чайнік” пачас казання і не праглядаем навіны падчас Камуніі. Увогуле, лепш выключыць іншыя ўкладкі і старонкі, каб не спакушалі нас.

Стараемся пазбягаць ўсіх размоў паміж сабой і каментароў, не абмяркоўваем памылкі святара ў гаміліі, як прыгожа спявае арганіст альбо “якія крывыя рукі ў аператара”.

Камунія. Вядома, пры такім удзеле ў Ахвяры Хрыста немагчымым будзе спажыць Яго Цела. На шчасце, Касцёл пакідае нам магчымасць так званай “духоўнай Камуніі”. Я не буду апісваць што гэта, бо ў сеціве ёсць шмат матэрыялаў, зробленых больш дастойнымі і мудрымі людзьмі, хто хоча, лёгка знойдзе без праблем. Падкрэслю адно: падчас хатняга каранціну ў нас павінна нарадзіцца туга па прыняццю Цела Хрыста і глыбокае жаданне і пастанова прыняць Яго, як толькі дазволяць абставіны.

Пасля заканчэння Св. Імшы не пераключаемся адразу на Netflix ці іншыя жыццёва важныя для хрысціянаў старонкі, але стараемся пэўны час трываць ў цішыні і малітве, дзякуючы Богу за шматлікія ласкі, якія Ён нам дасылае нават праз экран камп’ютара.

Добрым жэстам будзе нейкая супольная з сям’ёй малітва пасля заканчэння трансляцыі, напрыклад Анёл Панскі за памерлых ці Вяночак да Божай Міласэрнасці, ці іншыя (карыстаемся вялікім багаццем Касцёла ў гэтым выпадку).

І на заканчэнне. Кожны з нас у так цяжкі час прымае рашэнне адпаведна свайму духоўнаму распазнанню, веры і стану сэрца. Давайце будзем пазбягаць сварак і асуджэнняў як на прасторах інтэрнэту, так і ў нашых размовах. Калі нехта і далей наведвае святыню, няхай не абвінавачвае і не называе “панікёрамі” тых, хто вырашыў перажываць Імшу, будучы дома. І наадварот, седзячы на каранціне, не будзем судзіць тых, хто не можа абысціся без фізічнай прысутнасці ў святыні. На шчасце, ў нашай краіне гэта не забаронена. У кожнага свой розум і свае прычыны. Памятаем: каранавірус скончыцца, а Бог, Касцёл і людзі вакол нас застануцца! І нам далей разам жыць.

Усім здароўя душы і цела!

Ксёндз Канстанцін Анашка МІС