Непаўторныя дні Ліхеня

Гэта былі чатыры дні суцэльнага супакою ў душы і глыбокага паяднання з Богам… Праз людзей, якія былі побач, праз навакольную прыгажосць, праз духоўнае і нават фізічнае адчуванне блізкасці Найсвяцейшай Панны Марыі… Чатыры дні, што жодзінскія парафіяне правялі ў Ліхені – санктуарыі, які пабудавалі айцы-марыяне ў месцы аб’яўлення Панны Марыі.

Ліхень – гэта месца, якое вабіць, кліча да сябе, колькі б разоў там не быў. Прыязджаеш зноў і зноў – і кожным разам бачыш нешта новае, адчуваеш, атрымліваеш ад Пана і Яго Найсвяцейшай Маці новыя дары. Велічны касцёл, які можа ўмясціць у сабе да 10 тысяч пілігрымаў ( і паверце, часта ён так і напаўняецца); абраз, праз малітвы да якога не адна сотня людзей атрымала патрэбныя ласкі; капліца ў гонар св. Станіслава Папчынскага (заснавальніка ордэна марыянаў); адмысловая служба Апэль, калі ўвечары вернікі прысутнічаюць пры тым, як абраз закрываецца на ноч пад нарастаючае гучанне аргана, а па выходных пасля Апэлю – працэсія святла;

Галгота, зробленая з камення, якое звозілі з усёй Польшчы, і Крыжовы па ёй шлях, якім прайшлі і жодзінскія пілігрымы; велічны парк з прыгожымі кветкамі, дрэвамі, фантанамі і шмат яшчэ чым іншым, што толькі пацвярджае тое, наколькі Бог любіць сваіх дзяцей і дае ім натхненне на стварэнне такой прыгажосці на сваю Хвалу.

Святую Імшу ў велічным касцёле перажываеш напоўніцу, адчуванне таямніцы ўваскрашэння нібыта пранізвае цябе, прымушае думаць пра тое, як ты сам падрыхтаваны да сустрэчы з Панам, як ты жывеш сёння ў гэтым свеце, ці імкнешся ў сваім зямным жыцці паяднацца з Богам духоўна, сваімі думкамі і ўчынкамі.

У адным з памяшканняў санктуарыя (а там іх, паверце, вельмі шмат), ёсць і адно, якое, напэўна, уражвае ці не больш за усё. Уваходзіш – і бачыш Езуса ў чырвоным адзенні, які распасцірае да цябе рукі, а каля Яго – людзей, шмат з якіх апранутыя ў паласатыя робы вязняў канцэнтрацыйных лагераў Другой Сусветнай вайны… Гэта карціна з выявамі пакутнікаў таго страшэннага часу, што Святым Пасадам прылічаныя да блаславёных. Яна блізкая нам яшчэ і таму, што сярод іх – і мучанікі з Росіцы Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч.

Цікавым было і наведванне пакояў, дзе ў 1999 годзе падчас візіту ў Ліхеньскі санктуарый прыпыняўся Папа Рымскі Ян Павел II.

Падчас гэтай пілігрымкі была ў нас магчымасць і памаліцца ля гроба св. Станіслава Папчынскага ў Гуры Кальварыі – невялічкім горадзе, дзе знаходзіцца санктуарый у яго гонар, куды завіталі з самага пачатку. Тут знаходзіцца таксама музей марыянскага святога, шматлікім вернікам паказваюць фільм пра яго і тых людзей, нашых сучаснікаў, якія праз заступніцтва святога Станіслава атрымалі цудоўнае аздараўленне, немагчымае з людскога пункту гледжання, але цалкам натуральнае і верагоднае з Божага.

Наведалі жодзінцы і касцёл святога Антонія Падуанскага ў мястэчку Сакулка ў некалькіх кіламетрах ад беларускай мяжы, дзе ў кастрычніку 2008 года адбыўся Эўхарыстычны цуд, калі асвечаная Гостыя ператварылася ў мышачную тканку чалавечага сэрца — жывога і церпячага, якое знаходзіцца ў стане агоніі.

Былі ў нашай пілігрымцы і Познань, і адведзіны сясцёр-эўхарыстак у Гуры Кальварыі, дзе нас вельмі радасна віталі, і шмат яшчэ чаго іншага, што пакінула глыбокі след у сэрцы кожнага.

Аўтар – Іна Кавальчук, фотаздымкі аўтара і Генадзя Раманчука.