9-10 лістпада ў нашай парафіі прайшоў Турнір Міністрантаў. За 11 праведзеных сустрэч ён значна трансфармаваўся, але, хіба што, найбольш відавочным гэта стала гэтай восенню – цяпер гэта цяжка назваць спаборніцтвам. Сяброўская сустрэча? Рэкалекцыі для хлопцаў са спартыўным ухілам? Пакуль што гэтае пытанне толькі пачынае паўставаць, а адказ будзе бачны па пладах. Але што мы можам сказаць цяпер і дакладна – галоўны прыз сустрэчы далёка не кубак агульнага заліку.
Для ўсёй жодзінскай парафіі кожны турнір міністрантаў становіцца доўгачаканай і радаснай падзеяй. Хлопцы рыхтуюцца да конкурсаў і спаборніцтваў, дзяўчаты да таго, каб заўзець за сваіх, дапамагаць святарам у правядзенні інтэлектуальнага конкурсу і эстафеты, на кухні, а бацькі плануюць час, каб наведаць хоць адну гульню нашай каманды па міні-футболе. Сямейнае свята!
Святам з’яўляецца турнір і для тых, хто прыязджае. Па-першае, правесці выходныя актыўна – ўжо вялікая радасць для сучасных шокльнікаў. Па-другое, сустрэча са старымі сябрамі (а паверце, за 11 турніраў сувязі ўмацаваліся) – гэта заўсёды прыемна. Па-трэцяе, кожны раз праграма турніра здзіўляе новымі элементамі – гэтым разам хлопцы перад міні-футболам наведалі з экскурсіяй БелАз. Ну і, канешне, нельга адмаўляць своеасаблівай “рамантыкі” такіх з’ездаў – доўга ехаць, гуляючы ў настольныя гульні ў электрычцы ці ў “Словы” ў машынах, спаць на матах… Скажаце, нічога прывабнага? Яшчэ як!
Для многіх каманд турнір міністрантаў ужо стаў сваеасаблівай кропкай адліку, калі ад адной да другой сустрэчы вядзецца сур’ёзная спартыўная і катэхетычная падрыхтоўка, каб потым не толькі абагнаць супернікаў на чарговым спатканні, але і правесці аналіз – наколькі мы самі выраслі за гэты час?
На канкрэтна гэта пытанне восеньскі турнір даў выразны адказ камандам Оршы і Друі, якія цудоўна паказалі сябе на конкурсах літургічных ведаў, падзяліўшы другое месца. Дадам, што для каманды Друі гэты паказнік стаў знакавым яшчэ і таму, што ў суме з іншымі конкурсамі прынёс кубак за трэцяе месца ў агульным заліку. Упершыню ў сваёй гісторыі каманда паехала з Жодзіна з узнагародай такога ўзроўню.
Барысаў, Мінск і Маладзечна таксама аддана змагаліся, але, магчыма, гэтым разам на іх “рост” паўплывала тое, што каманды не змаглі прыехаць цалкам, таму паказнікі ў некаторых конкурсах былі не самымі высокімі.
Калі казаць пра Жодзіна, то можна адзначыць, што папярэдні поспех нашай каманды на гэтым турніры замацаваўся – ізноў першыя ў агульным заліку! Але асаблівай павагі жодзінскія хлопцы заслугоўваюць за прыгожы жэст – параіўшыся, наша каманда вырашыла аддаць свой кубак за настольны тэніс Роме Жукоўскаму з каманды Друі, які паказваў сябе цудоўным гульцом і ў фінальным сэце згадзіўся іграць са старэйшым за сябе, саступіўшы ў выніку літаральна некалькі балаў. Прыгожы жэст жодзінцаў быў сустрэты доўгімі апладзісментамі і ў гэты момант стала ясна – турнір міністрантаў далёка выйшаў за межы спаборніцтва, а барацьба перастала быць канкурэнтнай. Цудоўна, што распачаўся і скончыўся турнір святой Імшой – пад знакам еднасці шчаслівыя хлопцы з розных гарадоў і мястэчак віншавалі адзін аднаго, фатаграфаваліся і абяцалі адзін аднаму сутрэцца зноў.
Чакаем вясны.
Падрыхтавала П. Грыб. Фота Н. Шор