Санктуарый Маці Божай Фацімскай сустракае гасцей. На свята прыехалі з парафій Мінску, Барысава, Крупак, Лагойска, Смалявіч, Міёр.
Узначаліў святую Імшу ксёндз Аляксандр Улас. У прагучаўшым з яго вуснаў слове Божым мы перанесліся на некалькі хвілін на 101 год назад, у невялічкае мястэчка Фаціму, дзе тром маленькім пастушкам з’явілася Божая Маці і наказала пастаянна памятаць пра малітву. Асабліва пра малітву на Ружанцы. “Чаму менавіта да Багародзіцы найчасцей звяртаюцца людзі са сваімі патрэбамі? – адзначыў а. Аляксандр. Таму, што святая Марыя была такім жа чалавекам, як і мы. Яна, як ніхто другі, найлепш ведае чалавечую натуру, людскія клопаты і праблемы. Марыя і сёння моліцца Богу за нас грэшных, асабліва за тых, хто ў Яе шукае паратунку ад граху. Маладой дзяўчынай Яна адважна прыняла звестку аб Непарочным Зачацці. Ў тыя часы гэта было раўназначна дабравольна пайсці на смерць. Потым нялёгкія жыццёвыя ўмовы, пераслед з маленькім Езусам. Сын вырас. Але Матчына сэрца пранізвае боль пакутаў, якія пераносіць Яе Сын, асуджаны на жудасную смерць і паміраючы на крыжы.
Усе выпрабаванні не толькі не зламалі волю Марыі. Наадварот, яны яшчэ больш умацавалі Яе ў веры Богу Айцу. І сёння Маці Божая глядзіць на кожнага з нас, як на сваё дзіця. І цярпліва чакае. Нашага навяртання. Нашай малітвы, веры і надзеі. І найбольш – узаемнай любові да свайго бліжняга, да ўсіх людзей”.
Урачыстасці закончыліся святочнай працэсіяй.
Потым забавамі для дзяцей і адпачынкам для ўсіх жадаючых на свежым паветры і цёплым вясеннім сонцы. І ў такой жа цёплай атмасферы.
Матэрыял падрыхтавалі Г. Раманчук і Я. Лабкоўскі