Турнір міністрантаў, ужо 18-ы, прайшоў у санктуарыі Фацімскай Божай Маці, дзе сардэчна віталі каманды каталіцкіх парафій з сямі гарадоў нашай краіны – Глыбокага, Докшыц, Маладзечна, Баранавіч, Мінска, Оршы, Барысава. Удзельнічалі ў спаборніцтве і міністранты з нашага касцёла.
Гэтым разам турнір праходзіў па крыху змененай схеме, чым раней. Так, міністранты змагаліся за перамогу ў пяці дысцыплінах – біблійных і літургічны ведах, настольным футболе, дартсе, FIFA 2019, міні-футболе на новенькім полі каля нашага касцёла.
Зразумела, міністранты прынялі ўдзел у Святой Імшы, якую цэлебраваў ксёндз Канстанцін Анашка МІС.
Ва ўсіх відах праграмы ішла сапраўдная сур’ёзная мужчынская барацьба, і амаль да апошняга не было вядома, хто ж пераможа. І ўсё ж мацнейшай у выніку стала каманда міністрантаў з Глыбокага, якая павезла дадому галоўны Кубак. Жодзінскія хлопцы – на другім месцы, трэцімі сталі аршанцы. Каманды былі ўзнагароджаныя кубкамі і дыпломамі за перамогу ў асобных дысцыплінах.
У гэты дзень жодзінскі касцёл прымаў каля ста чалавек, і гэта вымагала шмат падрыхтоўчай і работы падчас правядзення турніра. Удзельнікі спаборніцтва шчыра падзякавалі пробашчу парафіі айцу Міхаілу Цвячкоўскаму МІС, парафіяльнай моладзі за дапамогу і падтрымку, за выдатную арганізацыю турніра, за цудоўную магчымасць бавіць час разам з сябрамі, з хлопцамі з іншых парафій Беларусі дзеля Хвалы Пана Бога.
Тэкст і здымкі Ганны Грыб