1. Першая малітва
О, Езусе Хрысце! Адвечная салодкасць ўсіх, хто агортвае Цябе любоўю. Радасць, якая перавышае ўсялякае шчасце і чаканне, праўдiвае Збаўленне і Надзея кожнага грэшніка. Ты, якi аб”явiў, што найвялiкшае Тваё задавальненне – гэта быць памiж людзьмi i што з любові да iх па прашэсцi прадказанага часу прыняў людскую натуру, прыпомнi сабе, о Езу, ўсе цярпенні, якія Ты зносiў ад хвiлiны пачацця i асаблiва пад час сваёй святой Мукi, як гэта прадбачыла думка Бога, i як вырашыла воля Найвышэйшага.
Узгадай, Пане, пра тое, што наладжваючы Эўхарыстычную Вячэру разам з вучнямi, пасля таго, як амыў iм ногi, Ты даў сваё Найсвяцейшае Цела i Найкаштоўнейшую Кроў. А ўдзяляючы пацяшэнне, з уласцівай Табе дабрынёю прадказаў сваю блiзкую Муку.
Прыпомні смутак i горыч, якія адчуў у змучанай Душы, вызнаючы перад найблiжэйшым акружэннем: “Смутная душа мая, аж да смерцi”.
Прыпомнi боязь, неспакой i боль, якія знесла Тваё далікатнае Цела перад укрыжаваннем, калi пасля адпраўлення ў трэцi раз малітвы, аблiваючыся крывавым Потам, быў здраджаны праз свайго вучня Юду, зняволены праз выбраны народ, абвінавачаны праз фальшывых сведкаў, несправядліва асуджаны праз трох суддзяў акурат напярэдаднi ўрачыстага свята Вялікадня альбо Пасхi.
Прыпомнi, як прывязалі Цябе да слупа i парассякалi Цела бiзунамi, як быў Ты пазбаўлены ўласных шатаў i ўбраны ў iншую вопратку на пасмешышча, як укаранавалi Цябе цернямi, у руку ўклалi трасцiну, засланiлi вочы i твар, як зневажалi Цябе поўхамi i аблайвалi.
На ўспамiн усiх тых зняваг i болю, якiя выцярпеў Ты у часе, якi папярэднiчаў Крыжовай Муцы, дай мне перад надыходам смерцi перажыць сапраўдны жаль сэрца, шчырую i поўную споведзь, атрымаць адпушчэнне ўсiх грахоў i выправiць крыўду, учыненую Табе i блiзкiм. Амэн.
- Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыдзi валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
- Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.
- Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
2. Другая малітва
О Езу! Сапраўдная вольнасць Анёлаў, Рай непарушнага шчасця, прыгадай тыя агiду i смутак, якiя Ты адчуў, калi ворагi абступiлi Цябе як шаленыя iльвы i безлiччу зняваг, поўхамi, калечаннем i iншымi жорсткiмi мучэннямi спаборнiчалi ў прычыненнi Табе болю.
Праз тыя катаваннi i мноства зневажанняў, малю Цябе, Збавiцелю Божы, вызвалi мяне з варожых путаў, як бачных, так i не бачных, i даруючы благаслаўлёную апеку, правядзi шляхам дасканаласцi да збаўлення вечнага. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
3. Трэцяя малітва
О Езу! Стварыцель неба i зямлi, якога нiводная рэч не можа абмежаваць, анi ахапiць. Ты, якi ахоплiваеш i аб”ядноўваеш ўсё сваёю моцаю, узгадай той горкi боль, які адчуваў, калi каты, прывязваючы Тваё святыя рукi i ногi да крыжа, працялi iх наскрозь буйнымi затупленымi цвiкамi. Расцягваючы Цябе на Крыжы, з нечуванай лютасцю, не насычаныя Тваiмi мучэннямi, асыпалi Цябе лаянкай з усiх бакоў i даючы волю сваёй раз”юшанасцi, павялiчвалi Тваё Раны ўсё больш жорсткiмi катаваннямi.
Праз велiчэзнасць цярпенняў, якія Ты спазнаў пад час ўкрыжавання, дай мне Тваю святую боязь i Тваю праўдзiвую любоў. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
4. Чацвёртая малітва
О, Езу! Лекар нябесны, ўзнесены на крыж, каб нашыя раны вылячыць Тваiмi, ўзгадай тыя пабоi i зламаннi, якія адчуваў усiмi сваiмi членамi, так што кожны з iх быў знявечаны. Ад ног да главы не знойдзена на Тваiм Целе месца, якое не было б пакрытае ранамi. У такiм стане зневажання, забываючыся на асабiстыя цярпеннi, Ты не пакiдаў малiцца да Айца за сваiх ворагаў: “Ойча, выбач iм, бо не ведаюць, што чыняць!”
Моцай гэтай бязмежнай Мiласэрнасцi i на ўспамiн аб тым болю, зрабi, каб памяць аб Тваёй горкай Муцы прывяла нас да дасканалага жалю i прынесла адпушчэнне ўсiх, учыненых намi грахоў. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
5. Пятая малітва
О, Езу! Люстра адвечнага Бляску, угадай той смутак, якi Ты спазнаў, калі ў святле Боскага пазнання, разважаючы над прызначэннем тых, якія павінны былi быць адкупленымi, дзякуючы заслугам Тваёй святой Мукі, Ты адначасова бачыў вялiкiя натоўпы няшчасных, якія iшлi на асудженне з прычыны розных грахоў. Шкада Табе было тых людзей, загубленых і роспачных.
Праз тыя бязмежныя спачуванне і міласэрнасць, а асабліва праз чулую дабрыню, выказаную злачынцы, якi каяўся, укрыжаваны побач з Табою на Галгофе, i якому Ты прамовiў: “Сёння будзеш са Мною ў Раі”, малю Цябе, о салодкi Езу, акажы міласэрнасць мне грэшнаму ў гадзіну смерці. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
6. Шостая малітва
О, Езу! Ласкавы і жаданы Кароль, прыгадай той боль, якi Ты адчуваў, калі распрануты як жабрак, распяты на крыжы, быў на гэтым дрэве ганьбы высмейваны i пагарджаны. Усе твае родныя і сябры пакінулі Цябе за выключэннем умiлаванай Маці, якая, верная Табе, стаяла каля Цябе ў часе скону. Ты жа даверыў Яе Свайму адданаму вучню, кажучы да Найсвяцейшай Панны Марыі: «Жанчына, вось сын Твой! » i да святога Яна: “Вось Маці Твая!».
Малю Цябе, о Збавiцелю мой, праз меч болю, якi працяў душу Тваёй Найбалеснейшай Маці, аб спачуваннi ўва ўсіх маiх цярпеннях і выпрабаваннях, як цялесных, так і духовых, каб я перамог іх усе на працягу жыцця, а асабліва ў апошнюю часiну перад надыходам смерцi. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
7. Сёмая малітва
О, Езу! Крыніца невычарпальнай лiтасцi, Якi з глыбокай любоўю выказаў на крыжы свой смутак: «Прагну!» Гэта была прага збаўлення людскога роду. Прашу Цябе, о мой Адкупіцелю, распалі прагненне нашых сэрцаў, каб мы трывала імкнуліся да дасканаласцi ўва ўсiх справах, якiя распачынаем. Згасi ў нас цалкам пажадлiвасць цела i мiрскiя жаданнi. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
8. Восьмая малітва
О, Езу! Слодыч сэрцаў, дзiвосная Дабрыня, праз горкiя жоўць і воцат, якіх Ты скаштаваў на крыжы з любові да нас, здзейснi, каб мы годна прымалі Тваё Цела і Тваю Найкаштоўнейшую Кроў, лек і суцяшэнне душаў нашых, пад час зямнога падарожжа і ў хвiлiну смерці. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
9. Дзевятая малітва
О, Езу! Радасць духа, каралеўская Цнота, узгадай боль, якi Ты цярпеў, калi агорнуты смуткам у прадчуваннi блiзкай смерцi, зняважаны, асмеяны народам выбраным, пакiнуты Айцом Тваiм, гучна ўсклiкаў:” Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакiнуў?!”
Заклiнаю Цябе, о Збавiцелю мой, праз спазнаную Табой трывогу, каб не пакiнуў мяне пад час цярпення i трывогi, якiя выклiкае пры сваім наблiжэннi смерць i суд Божы. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
10. Дзесятая малітва
О, Езу! Ты, Якi з”яўляешся Пачаткам i Канцом усiх рэчаў, Жыццём i Вяршыняй цнотаў, прыгадай, што з маёй прычыны Ты быў агорнуты невымерным болем.
Праз бязмежнасць цярпенняў, прычыненых балючымi Ранамi, якiя Табе нанеслi грахi свету, навучы мяне выконваць з сапраўднаю любоўю Тваё прыказаннi, бо яны для тых, хто Цябе кахае, – адзiны i латвы шлях да збаўлення. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
11. Адзінаццатая малітва
О, Езу! Найглыбейшая крынiца Мiласэрнасцi, малю Цябе: з увагi на памяць аб Тваiх Ранах, пранiзлiвы боль каторых сягнуў аж да шпiку касцей i залiў знутры усё Тваё Цела, вырвi мяне, нэндзнага, з грахоў i схавай у глыбiнi гэтых Ранаў ад угневанага Аблiчча Справядлiвасцi, аж пакуль мiне Тваё абурэнне i справядлiвы гнеў. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
12. Дванаццатая малітва
О, Езу! Люстра праўды, Любоў, якая вянчае ўсю моц духа, Знак еднасцi, скатаваны i змучаны, бо шчодра пралiў Ты сваю годную праслаўлення Кроў, прыгадай тыя незлiчоныя Раны, якія пакрылi Тваё Цела ад самых ног аж да галавы. О нясцерпны i невымерны боль, якi адчуваў Ты ў сваiм дзявоцкiм Целе дзеля любовi да нас. Езу Хрысце, цi Ты мог больш для мяне ўчынiць? Чаго яшчэ Ты не здзейснiў?
Малю Цябе, о мой Збаўца, пазнач усе свае Раны каштоўнаю сваёю Крывёю ў маiм сэрцы, каб я мог у iм безупынна чытаць Твае боль i любоў.
Учынi, каб праз маё ўпадабанне Тваёй Мукi пазначыўся ў маёй душы плён Тваiх цярпенняў. Няхай Твая Любоў узрастае ў ёй штодзённа, аж да таго часу, калi я стану перад Табою, Скарбнiцай усiх дабротаў i радасцяў. О салодкi Езу, дай мне ў жыццi вечным тое, аб чым Цябе малю. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
13. Трынаццатая малітва
О, Езу! Адвечная Магутнасць, несмяротны i непераможны Валадар, узгадай той боль, які адчуваў, калi пакiнулi Цябе ўсе сiлы душы i цела, калi пахiлiўшы галаву, сцвердзіў: «Здзейснiлася». Малю Цябе, Пане Езу, праз моцную знясiленасць i прыгнятаючы неспакой, якія спазнаў перад здзяйсненнем справы Збавення, змілуйся над мною ў апошнюю гадзiну жыцця, калi душа мая будзе ў цярпенні, а сэрца напоўнiцца неспакоем. На Цябе спадзяюся. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
14. Чатырнаццатая малітва
О, Езу! Адзіны Сыне Айца, Бляск i Праява Яго сутнасці, прыгадай тую сардэчную і пакорную адданасць Айцу, якую даверлiва выказаў словамі: “Ойча, у Твае рукi аддаю дух Мой”. I тады сканаў… Але хаця ўсё Цела Тваё, скалечанае i скрываўленае, аддаўшы апошнi ўздых, перастала жыць, Твая Боская моц адчынiла крынiцу Мiласэрнасцi i пралiла на чалавецтва струменi збаўляючых ласкаў.
Праз гэтую бясцэнную смерць i ўсё яе акалiчнасцi малю Цябе, Валадару Святых, узмацнi мяне i дапамажы ў барацьбе супраць шатана, цела i крывi, каб памёршы для свету, я жыў только Табою i для Цябе. Горача прашу, прымi ў часiну смерцi маю вандроўную i выгнаннiцкую душу каля брамаў вечнасцi. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.
15. Пятнаццатая малітва
О, Езу! Цябе сiмвалiзуе жыватворчая райская вiнаградная лаза, прыгадай шчодра пралiтую Кроў, якая моцна цякла з Твайго Цела, як вiно са спелых гронкаў у давiльнi.
Працяты дзiдай жаўнера, Ты пралiў усю Кроў i Ваду аж да апошняй кроплi, i калi вiсеў высока на крыжы з панiклай Найсвяцейшай Галавою, стаў падобным да жмута засохлай мiры, бязвольным i здранцвелым, без слядоў жыцця i звонку i ўнутры Цела, аж да шпiку касцей.
Праз горкую Муку i пралiтую Найкаштоўнейшую Кроў малю Цябе, о салодкi Езу, парань маё сэрца ласкаю, каб слёзы пакаяння i любовi сталi для мяне ўдзень i ўначы так патрэбнымi, як хлеб штодзённы. Звярнi мяне цалкам да сябе, каб маё сэрца стварыла для Цябе сталы прытулак, каб мая мова была для Цябе цалкам прыемнай, а канец жыцця быў увенчаны надзеяй спаткання з Табою ў раi, дзе я мог бы разам з усiмi святымi ўсхваляць i благаслаўляць Цябе на векi вечныя. Амэн.
Ойча наш …
Вiтай Марыя …
Уздыханне: Езу, Любоў мая, будзь жа праслаўлены i злітуйся над мною.