19-21 ліпеня Браслаў прымаў вялікую колькасць гасцей: на святкаванні Агульнабеларускіх дзён моладзі сабралася больш за тры сотні юнакоў і дзяўчат з розных куткоў Беларусі, ў тым ліку і з нашай парафіі.
Санктуарый Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, нездарма быў выбраны месцам правядзення моладзевага форуму, які сёлета прымеркаваны да 25-гадовага юбілею з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі.
Сярод сабраных перад цудадзейным абразом Маці Божай Валадаркі азёраў былі таксама і біскупы Беларусі: пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч; Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі; новапрызначаны каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, а таксама ксёндз-канонік Андрэй Зноска, якога тым жа днём Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.
Кожны дзень гэтай сустрэчы быў напоўнены радаснымі эмоцыямі і ўсмешкамі. Моладзь разам малілася перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, удзельнічала ў Святой Эўхарыстыі, танчыла, слухала цікавыя канферэнцыя, якія праводзілі розныя знакамітыя святары, сярод якіх быў таксама і Аляксандр Жарнасек MIC.
Чацвёртыя Агульнабеларускія дні моладзі закончыліся сведчаннямі ўдзельнікаў і супольным здымкам перад славутым браслаўскім алтаром-караблём.