Першага студзеня, калі католікі ўсяго Свету адзначаюць урачыстасць Багародзіцы Марыі, Арцыбіскуп эмерыт, старшыня Камісіі агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіна і ўзначаліў Святую Імшу на пачатак Новага 2022 года. Яго сустракалі айцы-марыяне: кусташ парафіі Жодзіна Міхаіл Цвячкоўскі МІС, Юзаф Пятушка МІС, Аляксандр Шамрыцкі МІС, а таксама шматлікія парафіяне…
Арцыбіскуп павіншаваў жодзінцаў з новым 2022 годам – 105 гадоў Фацімскіх аб’яўленяў адзначыць увесь Свет менавіта ў гэтым годзе, у маі, для парафіі Санктуарыя Маці Божай Фацімскай гэта асаблівая дата.
Ў казанні гаворка ішла пра самыя важныя заданні і праблемы, да якіх пасля святкаванняў Новага году, ізноў давядзецца вярнуцца грамадству і кожнаму чалавеку. Гэта і праблемы пандэміі каронавіруса, і крызіс у грамадстве, а таксама асабістыя – для кожнага чалавека. Прагучаў з вуснаў арцыбіскупа і разгорнуты каментар Паслання Папы Францішка на Сусветны дзень малітваў аб міры ў кантэксце Беларусі. – Пантыфік прапануе інавацыйнае Пасланне, якое адпавядае патрэбам сучаснасці і будучыні, – сказаў Тадэвуш Кандрусевіч, – Гэтыя тры кантэксты: дыялог пакаленняў, адукацыя і праца з’яўляюцца актуальнымі як для ўсяго свету, так і для нашага грамадства. Яны схіляюць нас да развіцця салідарнасці паміж старэйшым і маладым пакаленнямі, выкарыстання адукацыі і выхавання, а таксама развіцця адпаведнага жыццёвым патрэбам справядлівага рынку працы з мэтай паяднання нашага грамадства і будавання трывалага міру«.
Арцыбіскуп пажадаў: “Няхай сёлетняе Пасланне папы Францішка дапаможа свету і нам у вырашэнні надзённых праблем, з якімі мы сутыкаемся”. На гэты шлях ён благаславіў парафіян Жодзіна і асаблівым чынам дзяцей, падрастаючае пакаленне, за якім будучыня нашага грамадства…
Аўтар – Вікторыя Колесава