лют 26 2022

Папа Францішак абвясціў Папяльцовую сераду днём посту ў інтэнцыі міру

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 23 лютага прайшла ў ватыканскай зале Паўла VI, Папа Францішак звярнуў увагу на пагаршэнне сітуацыі ва Украіне і пагрозу міру ва ўсім свеце.

У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікаў вернікаў прысвяціць Папяльцовую сераду, якая сёлета прыпадае 2 сакавіка, посту ў інтэнцыі міру.

Словы Папы Францішка падае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Я адчуваю вялікі боль у сваім сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне. Нягледзячы на дыпламатычныя намаганні мінулых тыдняў, адкрываюцца ўсё больш і больш трывожныя сцэнарыі. Як і я, многія людзі ва ўсім свеце адчуваюць трывогу і заклапочанасць. Міру ўсіх пагражаюць інтарэсы часткі», — сказаў Папа.

Пантыфік звярнуўся да тых, хто нясе палітычную адказнасць, заклікаўшы іх «зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення перад Богам, які з’яўляецца Богам міру, а не вайны; які з’яўляецца Айцом усіх, а не толькі некаторых; хоча, каб мы былі братамі, а не ворагамі». Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў усе бакі «ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія прычыняць яшчэ большыя пакуты насельніцтву, дэстабілізуюць суіснаванне паміж дзяржавамі і дыскрэдытуюць міжнароднае права».

Пантыфік нагадаў веруючым і няверуючым вучэнне Езуса, «які настаўляў, што на д’ябальскую апантанасць гвалту належыць адказваць Божай зброяй: постам і малітваай.

Святы Айцец заахвоціў усіх зрабіць Папяльцовую сераду, 2 сакавіка 2022 года, днём посту ў інтэнцыі міру.

«Няхай Валадарка супакою выратуе свет ад шаленства вайны», — сказаў на заканчэнне Папа Францішак.