105-я гадавіна Фацімскіх аб’яўленняў разам з арцыбіскупам Кандрусевічам

У дзень 105-й гадавіны аб’яўленняў у Фаціме жодзінскія католікі маліліся ў сваім касцёле разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, спецыяльным рашэннем якога пяць год таму касцёл Фацімскай Божай Маці, якім апякуюцца айцы-марыяне, быў абвешчаны санктуарыем.

Яго Эксцэленцыя падчас гаміліі неаднойчы падкрэсліў, што Маці Божая для нас –Маці духоўная: «У Евангелллі мы чытаем, як Езус на крыжы звяртаецца да Яна і кажа: «Вось Маці твая». Такім чынам Езус аддаў нам Марыю як маці духоўную. І гэтыя словы можна назваць тэстамэнтам, крыжовым тэстамэнтам. Мы павінны прыняць гэта, жыць гэтай праўдай, выканаць гэты тэстамэнт».

Арцыбіскуп, прамаўлячы да вернікаў, узгадаў гістарычны кантэкст аб’яўленняў у Фаціме, калі трывала першая сусветная вайна, падымаўся атэізм, людзі паступова адыходзілі ад веры. І ў тыя змрочныя часы Маці Божая праз простых партугальскіх пастушкоў перадавала, што чалавецтва чакаюць страшныя падзеі, і заклікала да малітвы і навяртання як адзінага сродку для выратавання свету. Марыя фактычна прадбачыла ўсю гісторыю мінулага стагоддзя. Фацімскія аб’яўленні асабліва важныя для нас – тых, хто насяляе мінулую Расійскую імпэрыю, хаця ўзгадваючы пра яе, Марыя казала пра ўвесь свет, бо грэх не мае геаграфічных межаў, нацыянальнай прыналежнасці.

«Сёння мы зноў наступаем на тыя самыя граблі, што і ў 1917 годзе, стаім на парозе трэцяй сусветнай вайны, адмаўляемся ад Бога, – адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч. – Таму Фацімскія аб’яўленні актуальныя сёння, і тым больў актуальны заклік Марыі «Маліцеся і навяртайцеся! Маліцеся і верце ў Евангелле!».

«Марыя – найкарацейшы шлях да Бога, – кажа Арцыбіскуп. – І мы павінны звярнуцца да Марыі, каб знайсці Езуса, як некалі адшукалі Яго бацькі ў ерузалемскай святыні. Зараз трывае час цемры, а людзі хочуць жыць у святле. Учыні, Маці Божая, каб мы змаглі лепей пазнаць Твайго Сына, каб гэтая цемра ператварылася ў святло Божай ласкі, каб мы будавалі новае жыццё, новую Беларусь на евангельскіх каштоўнасцях, каб будавалі краіну жыцця, любові, пашаны да чалавека!».

Варта зазначыць, што Жодзіна не толькі горад, дзе знаходзіцца санктуарый Фацімскай Божай Маці, – на яго гербе таксама прысутная Марыя. Да таго ж у мінулым годзе на ўездзе ў горад з боку Мінска па ініцыятыве каталіцкіх вернікаў была ўсталяваная фігура Божай Маці, і менавіта тут Тадэвуш Кандрусевіч палічыў патрэбным памаліцца дзясятак Ружанца перад тым, як прыехаць у касцёл на ўрачыстасць.

У час імшы арцыбіскуп асобным чынам прывітаў старэйшага душпастыра Беларусі – айца Юзафа Пятушку МІС, які 14 траўня адзначыў 91 год, а таксама разам з вернікамі ўдзельнічаў у Крыжовым шляху з фігурай Маці Божай.

Атмасферу, якая панавала ў санктуарыі, трапна акрэсліў напрыканцы набажэнства яго пробашч Міхаіл Цвячкоўскі МІС: «Калі касцёл будзе маліцца заўсёды так, як маліліся сёння ў нашай святыні, касцёл будзе жыць».

Матэрыял падрыхтавала Іна Кавальчук-Грыб