1 лістапада – Урачыстасць Усіх Святых

Урачыстасць Усіх Святых – адно з галоўных каталіцкіх святаў. У гэты дзень касцёл успамінае ўсіх святых, якія ўславілі Бога, не толькі тых, чые імёны занесеныя ў касцёльны календар, але і тых, хто вядомы аднаму Богу. Галоўная ідэя свята мае ў сабе ўсеагульнае, па-за залежнасці ад прафесіі і грамадзянскага статуса, пакліканне да святасці.

Дзень памяці ўсіх святых быў яшчэ ў ранняй хрысціянскай царкве. Тады святымі называлі ўсіх хрысціянаў, якія атрымалі ў хрышчэнні новае жыццё і з таго часу сталі належаць Хрысту. «Якія знаходзяцца ў Эфесе святым, усім святым у Хрысце Ісусе, што жывуць у Піліпах», – так адрасаваў свае пасланні апостал Павел да першых хрысціянаў.

Першымі хрысціянамі, якіх царква стала ўшаноўваць асаблівым чынам, сталі тыя, хто памёр за веру. Першым вядомым ушанаваным пакутнікам лічыцца святы Палікарп Смірнскі, чыё пакутніцтва было падрабязна апісана ў «Акруговым пасланні Смірнскай Царквы іншым Цэрквам», датаваным 155 годам. У гэтым дакуменце парэшткі пакутніка названыя каштоўнасцю большай, чым золата і каштоўныя камяні. Пасланне сведчыла аб існаванні звычаю захоўваць парэшткі ппакутнікаў як каштоўную рэліквію, шанаваць месца пахавання. Падобныя святкаванні і малітвы на магілах пакутнікаў за веру былі распаўсюджаны там, дзе меліся іх пахаванні. Днём шанавання гэтых святых звычайна лічыўся дзень смерці, які стаў называцца днём іх нараджэння для неба.

У далейшым культ пакутнікаў распаўсюдзіўся на ўсе памесныя цэрквы і акрамя дзён памяці асобных пакутнікаў стаў адзначацца як агульнае свята ў іх гонар. Святы Ян Залатавуст сведчыць, што візантыйская царква ўшаноўвала памяць усіх пакутнікаў у першую нядзелю пасля Пяцідзесятніцы. Ва ўсходнесірыйскім набажэнстве днём памяці пакутнікаў была першая пятніца пасля Вялікадня.

У заходняй царкве свята было ўведзена ў VI стагоддзі і першапачаткова адзначалася, як і на ўсходзе, у першую нядзелю пасля Пяцідзесятніцы. Пазней яго святкаванне было перанесена на 13 мая. Гэта было звязана з днём асвячэння храма ў Рыме 13 мая 610 года, перабудаванага Папам Баніфацыем IV з паганскага Пантэона ў гонар Дзевы Марыі і ўсіх пакутнікаў (St. Maria ad Martyres). Да гэтага дня з катакомбаў туды былі перавезены 28 вазоў парэшткаў хрысціян, якія аддалі жыццё за веру. Штогадова ўспамін гэтай падзеі і стаў першым святкаваннем дня, які цяпер вядомы як Урачыстасць Усіх святых.

Праз некаторы час, пры Папе Рыгоры III, паняцце святасці пашырылася. Пантэон святых стаў уключаць у сябе і тых, хто зведаў пераслед і пакуты за веру ў Хрыста, нават і тады, калі ганенні не завяршыліся мучаніцкай смерцю, а затым і падзвіжнікаў, якія праславіліся дабрадзейным жыццём, – «усіх беззаганных праведнікаў, на ўсёй зямлі спачылых».

Папа Рыгор IV афіцыйна ўвёў свята Усіх Святых у касцёльную практыку, прызначыўшы яго на 1 лістапада. Час святкавання быў перанесены з вясны на восень па прыкладзе Англіі і Ірландыі, дзе да гэтага часу ўжо больш за сто гадоў было прынята адзначаць памяць усіх святых ў гэты дзень.

Да XI стагоддзя аб святасці сведчыла народнае шанаванне таго ці іншага падзвіжніка або пакутніка. Першым афіцыйна кананізаваным святым стаў святы Ульрык Аўгсбургскі, працэс кананізацыі каторага завяршыўся ў 1093 годзе, праз 120 гадоў пасля смерці.

Урачыстасць Усіх святых з’яўляецца адным з абавязковых святаў каталіцкага касцёла, удзельнічаць ў ім варта ўсім хрысціянам, акрамя тых, хто не можа зрабіць гэтага з пэўных прычын.

Літургічныя малітвы дня Усіх святых услаўляюць Бога – адзіную крыніцу святасці, выказваюць веру ў неўміручасць святых, а таксама заклікаюць да іх заступніцтва. Чытанні са Святога Пісання, у сваю чаргу, нагадваюць пра этычны кодэкс хрысціянства (восем «радасцяў» з Нагорнай пропаведзі) і сведчаць аб прысутнасці незлічоных воінстваў святых.

2 лістапада – Дзень памінання ўсіх памерлых вернікаў. Акрамя таго, на працягу васьмі дзён, пачынаючы з 1 лістапада, звычайна ідуць памінальныя імшы, а вернікі запрашаюцца да асабліва моцнай малітвы за дарагіх для іх сэрца памерлых.

(З матэрыялаў інтэрнэта)