Успаміны Святога Блажэя і Святой Агаты

3 лютага — Успамін святога Блажэя, біскупа і мучаніка. У гэты дзень асвячаюцца свечкі. Святы Блажэй аздаравіў сына адной жанчыны, у якога было прабітае горла. На ўспамін гэтага здарэння ў касцёле асвячаюцца свечкі, і святар бласлаўляе імі вернікаў у спецыяльным абрадзе, прыкладваючы да горла, тым самым засцерагаючы яго ад розных хвароб.

5 лютага—Успамін Святой Агаты. Не толькі ў каталіцкім касцёле, але і праваслаўнай царкве таксама ў гэты дзень прыгадваюць пра яе пад імем Агафія. 5 лютага 251 года замучана Агата—хрысціянская пакутніца III стагоддзя, адна з найбольш вядомых і шанаваных раннехрысціянскіх святых. Загінула на востраве Сіцылія ў перыяд ганенняў на хрысціян імператара Дэцыя. Агата нарадзілася ў багатай сіцылійскай сям’і. Адмовілася ад рукі і сэрца гарадскога прэфекта, пасля чаго ён падвергнуў яе пераследам, карыстаючыся антыхрысціянскімі законамі імператара Дэцыя. Пасля пакут святую Агату спалілі на вогнішчы. 

У каталіцкіх храмах у гэты дзень асвячаюць ваду, якая засцерагае жыллё ад агню, і хлеб, што абараняе вернікаў ад рознай небяспекі, асабліва ў дарозе, выганяе з чалавека д’ябла.