Фев 25 2020

РОСІЦА: ПРАЗ ЦЯРПЕННЕ ДА НЕБА

Першы раз я была ў Росіцы на пачатку 2000-х гадоў, калі яшчэ толькі-толькі касцёл вярнулі вернікам. Быў люты, шмат снегу, мароз і холад-холад у касцёле… Памятаю, што за Iмшу змерзлі так, што ногі проста не йшлі. Але вярнуліся дамоў натхнёныя, з глыбокім супакоем у сэрцы і пачаткам асмыслення ахвяры ксяндзоў і трагедыі тых людзей, каторыя ў тыя жудасныя тры дні са святыні пайшлі у агонь.

Чаму пачаткам асмыслення? Таму што, упэўнена, ніводзін чалавек не можа і не зможа асэнсаваць да канца прызначэнне гэтай падзеі з людскога пункту гледжання, а тым больш разгадаць у гэтым Божы план.

Таму кожны раз, прыязджаючы ў Росіцу, ты зноў і зноў думаеш пра гэта. Думаеш, калі стаіш у касцёле і адчуваеш фізічна холад ад падлогі, якая памятае ногі тых, хто тут стаяў на парозе смерці; думаеш, што адчувалі яны, калі ідзеш крыжовым шляхам да месца спалення, і сэрца проста дранцвее ад жаху. Бо ў нейкі момант ясна разумееш тое, што разумелі яны – што дарогі назад у іх ужо не будзе… Ні ў старых, ні ў дзяцей, ні-ў-кога… Будзе толькі дарога да Неба.

Кожны раз думаеш і пра тое, якім жа верным трэба было быць свайму слову, свайму пакліканню, Богу, быць поўным любові, каб, як блаславёныя айцы Антонi Ляшчэвіч і Юры Кашыра, аддаць свае маладыя жыцці за людзей, якіх падчас літургій вялі да Бога праз свае казанні, праз Святую Камунію, праз удзяленне сакрамэнтаў… А тады малады Юры Кашыра ішоў з імі апошняй дарогай да пекла агню зямнога, але тая ж дарога была і шляхам да жыцця вечнага ў Валадарстве Божым.

Ахвяры росіцкай трагедыі напэўна і ў той цяжкі час да апашняга спадзяваліся, што застануцца жыць, марылі пра спакойнае жыццё, пра добрую будучыню для сваіх дзяцей, не думалі пра смерць. Пагэтаму дарэчы ў пропаведзі падчас Святой Імшы ксёндз-канонік Віцебскай дыяцэзыі Віктар Місевіч прыгадаў словы папы Францішка, што «кожны дзень – гэта маленькае паміранне». «Кожны дзень час ляціць. Мы адчуваем, што ўзрост не той, і старэем, і хварэем, набліжаемся да мэты – адыходу з гэтага свету. Пантыфік кажа, што кожны дзень трэба памятаць пра гэтае маленькае паміранне. Калі памятаем пра гэта, тады мы мудрыя, а калі забываемся – гэта праява глупства і неразумнасці. Бо чалавек не бессмяротны. Нам трэба памятаць пра смерць і пра крыж, і рабіць гэта кожны дзень. І няхай ахвяра блаславёных росіцкіх пакутнікаў дапаможа засяродзіцца на гэтых важных рэчах», – зазначыў а. Віктар Місевіч.

…Гэтым разам у Росіцы было не так холадна, як звычайна бывае ў дні лютага. Праглядвала амаль ужо па-вясеннему солнца. Але быў вялікі вецер. Здавалася, што проста саб’е з ног. Чырвоныя арнаты духавенства ад гэтага шалёнага ветру паходзілі на языкі полымя, і гэта было неяк вельмі сімвалічна…

Іна Кавальчук, здымкі Марыны Сінкевіч і Ірэны Рубінавай.