Папа Францішак заклікае 14 мая далучыцца да малітвы і посту ў інтэнцыі заканчэння пандэміі

Заклік Пастаяннай рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Высокі камітэт па чалавечым братэрстве 2 мая гэтага года заклікаў вернікаў усіх рэлігій да супольнай малітвы, посту і ўчынкаў міласэрнасці 14 мая ў інтэнцыі выбаўлення ад пандэміі каранавірусу і пераадолення яго наступстваў.

Святы Айцец Францішак, кажучы, што малітва мае ўніверсальную каштоўнасць, падтрымаў гэтую ініцыятыву, каб прасіць Бога дапамагчы чалавецтву перамагчы гэтую небяспечную эпідэмію.

Паўтара месяцы таму, 21 сакавіка, у касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску ўжо адбылася падобная міжрэлігійная малітва ў інтэнцыі прадухілення пандэміі каранавірусу, у якой узялі ўдзел католікі, грэка-католікі, праваслаўныя, лютэране, баптысты, юдэі і мусульмане. Гэтая малітва стала знакам супольнага клопату розных веравызнанняў Беларусі аб прадухіленні эпідэміі, якая толькі пачынала распаўсюджвацца ў нашай краіне. Малітва таксама стала рэальным выразам салідарнасці розных веравызнанняў і развіцця адносін паміж імі.

Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі далучаецца да падтрыманай Папам Францішкам ініцыятывы Высокага камітэту па чалавечым братэрстве і заклікае 14 мая ва ўсіх парафіях правесці адмысловае набажэнства, а таксама заахвочвае вернікаў да посту і ўчынкаў міласэрнасці.

Набажэнства можа быць спалучана з маёвым набажэнствам або, паводле разважлівага меркавання пробашча, праведзена ў іншы адпаведны час. Такім чынам у гэты дзень беларускія католікі з’яднаюцца са сваімі адзінаверцамі і прадстаўнікамі іншых веравызнанняў ва ўсім свеце. Узяць удзел у міжрэлігійнай малітве можна ў касцёлах або далучыцца да яе з дапамогаю анлайн-трансляцый.

На супольную малітву, пост і ўчынкі міласэрнасці ў інтэнцыі выбаўлення ад пандэміі каранавірусу і пераадолення яго наступстваў усіх вернікаў ад усяго сэрца благаслаўляем у імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога.

Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 8 мая 2020 г.

P.S. Святарам належыць пазнаёміць вернікаў з гэтым Заклікам у Пятую Велікодную нядзелю 10 мая 2020 г.

Малітвы, якія можна выкарыстаць падчас набажэнства:

Малітва аб спыненні пандэміі каранавірусу

Ойча наш, поўны міласэрнасці, мы, грэшнікі, просім Цябе, каб эпідэмія, якая распаўсюджваецца па свеце, як найхутчэй спынілася. Просім Цябе, Божа, аб вяртанні здароўя хворым. Прымі ў сваё Валадарства тых, хто памёр ад хваробы, і суцеш іх сем’і. Падтрымай і ўмацуй лекараў, якія змагаюцца з інфекцыяй. Умацоўвай і благаслаўляй тых, хто стараецца кантраляваць сітуацыю.

Пане Езу, Лекару нашых душаў і целаў, мы адчуваем сябе бездапаможнымі перад гэтай глабальнай пагрозай, але давяраем Табе і просім, дай нам супакой і здароўе. Маці Божая, захавай нас і апякуйся намі, вядзі нас у любові да Твайго Сына. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

З надзеяй просім міласэрнага Бога, каб міласціва прыняў пакаянне свайго народа, які пакорна просіць аб прабачэнні сваіх грахоў, аказаў яму сваю міласэрнасць і выбавіў ад небяспечнай эпідэміі каранавірусу.

С.: Прабач, Хрыстэ, усе блюзнерствы, адрачэнні ад веры і знявагі Бога і Касцёла. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

С.: Міласэрны Езу, будзь міласцівы да дзяцей Касцёла, якія паступілі насуперак голасу сумлення, адышлі ад веры і нават яе пераследвалі. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

С.: Прабач, Божа, усе блюзнерствы і святатацтвы, апаганьванне касцёлаў, капліц, крыжоў, абразоў, рэліквій, могілак і ўсіх сакральных рэчаў і месцаў культу. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

С.: Божа, будзь міласэрны да ганіцеляў веры і вярні іх на шлях пакаяння. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

С.: Прабач, Хрыстэ, грэх падзелу ў Тваім адзіным Касцёле. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

С.: Праяві сваю міласэрнасць, Божа, за нецярпімасць і недахоп любові ў справе абвяшчэння Евангелля і ўзаемаадносін з іншымі веравызнаннямі, народамі і культурамі. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

С.: Прабач, міласэрны Ойча, усялякі грэх амаральнасці, разбурэння сем’яў і забойствы ненароджанага жыцця. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

С.: Даруй нам, Божа, усе грахі, якія мы здзейснілі, і дапамажы нам быць Тваімі сведкамі ў сучасным свеце. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

С.: Выбаў, Божа, Беларусь і ўвесь свет ад небяспечнай пандэміі каранавірусу і адары людзей ласкай здароўя душы і цела. Цябе просім,

Н.: Выслухай нас, Пане!

Божа, праз заступніцтва Марыі, Прытулку грэшнікаў, просім Цябе аб прабачэнні нашых грахоў. Прабачаючы ўсім, хто вінаваты перад намі, просім прабачэння ў Цябе і ў тых, перад кім мы вінаватыя, каб замест граху памнажалася ласка (пар. Рым 5, 20) і каб ніхто не быў выключаны з абдымкаў Тваёй бязмежнай любові. Праз Тваю бязмежную міласэрнасць выбаў нас ад пандэміі каранавірусу і яго наступстваў. Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Святы Себасцьяне, — маліся за нас.

Святы Каралю Барамэй, — маліся за нас.

Святы Яўгене дэ Мазэно, — маліся за нас.

Святы Андрэю Баболя, — маліся за нас.

Святы Алаізію Ганзага, — маліся за нас.

Святы Роху, — маліся за нас.

Святая Францішка Рымская, — маліся за нас.

Святая Барбара, — маліся за нас.

Святая Разалія, — маліся за нас.

Суплікацыя

Святы Божа, Святы моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі (3 разы).

Ад пажару, голаду, вайны і заразы — барані нас, Божа.

Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці — сцеражы нас, Божа.

Мы, грэшныя, Цябе, Бога, просім, — выслухай нас, Божа!