Авг 01 2019

Крочым у Росіцу

З 31 ліпеня па 2 жніўня адбылася пешая пілігрымка з Друі ў Росіцу. Яе ўзначалілі а. Канстанцін Гушча MIC і дк. Ілля Саўчанка MIC. У гэтым годзе ажно 109 чалавек вырашыла прайсці гэты шлях даўжынёй у 80 кіламетраў.

Тры дні пілігрымы прысвяцілі малітве, спевам, новым знаёмствам і цікавым гутаркам. Хоць часам з-за доўгага шляху фізічныя сілы бываюць амаль на зыходзе, духоўныя сілы ў пілігрымцы толькі аднаўляюцца. «Маліцеся за нас усіх, бласлаўлёныя пакутнікі з Росіцы! Ратуйце нас, будзьце з намі ў агні, у якім сёння мы гарым», — спяваюць пілігрымы пасля малітвы. Таксама і вясёлыя спевы падбадзёрваюць і выклікаюць усмешкі:»Меня любит Бог, ну а это — ваще!» У пілігрымцы з Друі, як заўжды, вельмі шмат моладзі, дарэчы, самаму малодшаму пілігрыму споўнілася толькі 7 гадоў.Радасна бачыць, што ўсё больш людзей жадае далучыцца да пілігрымак у Росіцу. Жадае прайсці гэты шлях разам, каб прынесці свае інтэнцыі, просьбы і падзякі на алтар росіцкай святыні і ўшанаваць благаслаўлёных мучанікаў Юрыя і Антонія. На ўрачыстасцях сустрэліся пілігрымы, якія прыйшлі таксама з Полацка, прыехалі на роварах з Барысава і Верхнядзвінска і прыбылі на аўтобусах з розных гарадоў Беларусі. Цэнтральнай падзеяй урачыстасцяў сёлета стала тое, што ў 20-ты юбілейны год з беатыфікацыі росіцкіх мучанікаў касцёл Святой Тройцы ў Росіцы быў абвешчаны санктуарыем Благаслаўлёных пакутнікаў з Росіцы Віцебскай дыяцэзіі.

 

 

Матэрыял падрыхтавала Ганна Лабкоўская