Мар 24 2019

Калі вы хочаце быць надзеяй

Ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

на III нядзелю Вялікага посту 2019г.

(нядзеля Карытас)

 “ Калі вы хочаце быць надзеяй будучыні, вы павінны пераняць светач з рук  вашых дзядуль і бабуль”.

(Папа Францішак Нядзеля 31.07.2016 Сустрэча з валанцёрамі ў Таўрон Арэне)

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Чалавек, які мае адкрытае сэрца для бліжняга, ужо тут на зямлі жыве рэчаіснасцю Божага Валадарства. Мы шмат можам зрабіць для яго, калі ў сваім жыцці будзем пакідаць больш месца для ідэй дабра і міласэрнасці. Гэты свет павінен стаць больш утульным і прыгажэйшым перадусім на ўзроўні міжлюдскіх адносін праз трывалы клопат пра людзей найбольш патрабуючых.

Гучыць вельмі прыгожа і пэўным значэнні ідэалізавана. Неаднойчы мы, нават як веруючыя людзі, пытаемся: чаму ў свеце так шмат бедаў, агрэсіі, эгаізму. Дзе ж ёсць Бог? Святое Пісанне, традыцыя, літургія няспынна нагадвае нам, аб тым, што Бог ёсць сярод нас: “І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28,20). Больш таго, Ён прагне быць у нашых сэрцах і дзейнічаць праз нас. Таму пытанне “чаму столькі зла ў свеце?” перадусім да нас: на колькі мы адкрытыя на супрацоўніцтва з Ім, і ці шукаем так, як Хрыстус, волі нашага нябеснага Айца? А Яго воляй, нагадаем, ёсць збаўленне кожнага чалавека, і нават тых, найбяднейшых, пра якіх казаў Езус: “заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе…,(Мц 26:11). Разважаючы над словамі Хрыста і яго навучаннем, варта яшчэ раз прыглядзецца пакліканню да служэння Божаму Сыну ў бедным чалавеку.

Сёння мы часта сустракаемся са словам “валанцёр”- добраахвотнік. Гэта той чалавек, які ахвяруе свой час і працу на дапамагу патрабуючым: хворым, самотным, загубленным, бяздомным. (Што праўда слова- добраахвотнік- мае часам і мілітарнае адценне, але мы кажам зараз пра яго мірны варыянт). Калі ж валанцёр здзяйсняе сваё служэнне ў духу Божай любові, з паклікання, то вельмі часта раскрывае такім служэннем прысутнасць самога Хрыста.

Валанцёрская або добраахвотніцкая дзейнасць заўсёды шукае сродкаў і магчымасцяў больш эфектыўнага служэння тым, да каго яна скіраваная. Неад’емную дапамогу ў гэтым можа і павінен аказаць досвед тых, хто ўжо прайшоў гэтым шляхам. Таму вельмі каштоўнымі з’яўляюцца парады і досвед людзей старэйшых, якія прысвяцілі дабрачыннасці не адзін год свайго жыцця.

Зразумела, што добраахвотніцкая дзейнасць распаўсюджана пераважна сярод маладых людзей, поўных энтузіязму і жадання дзяліцца цеплынёй свайго сэрца з тымі, хто гэтай цеплыні патрабуе. Заахвочваючы да гэтага, Папа Францішак дае між іншым такую параду: “калі вы хочаце быць надзеяй будучыні, вы павінны пераняць светач з рук вашых дзядуль і бабуль”, бо іх жыццё гэта невычэрпны скарб досведу любові ў служэнні іншаму чалавеку.

Досвед старэйшага пакалення — гэта не проста калекцыя спраў і ўчынкаў міласэрнасці, добра споўненых абавязкаў, праяўлення альтруізму і філантропіі. Перш за ўсё гэта сведчанне веры. Дарагая моладзь, знаходзьце час каб проста пабыць са старэйшымі,  паразмаўляць з імі. Гэта заўсёды дае ўзаемную карысць. Досвед старэйшых, напэўна не пазбаўлены памылак, можа стацца добрым падмуркам і адпраўнай кропкай у пабудове ўласнага жыцця і служэння. Зноў жа, у сваім навучанні Папа Францішак называе старэйшых людзей “мудрасцю нацыі”. Дарагія бацькі, бабулі і дзядулі, не шкадуйце часу, каб цярпліва дзяліцца з дзецьмі і ўнукамі досведам сваёй веры і служэння ў духу любові іншым.

Энтузіязм маладога пакалення, умацаваны сведчаннем старэйшага, стварае падмурак пад добрую традыцыю дабрачыннасці ў духу хрысціянскага паклікання да любові. “Таму будзьце разважлівыя і цвярозыя, каб маглі маліцца. Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў. Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без нараканняў. Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў. (1П 4,7-10)”

Сёння мы дзякуем Богу за моладзь, якая дорыць свой час і цеплыню сэрцаў усім патрабуючым праз дабрачынныя акцыі, арганізаваныя ў Каталіцкім Касцёле, перадусім праз дзейнасць Карытас, а таксама і іншыя формы сведчання міласэрнасці. Дзякуем Богу за прыклад любові і ахвярнасці ў служэнні нашых бацькоў, бабуляў і дзядуляў.

Вялікі дзякуй вам, дарагія браты і сёстры, за кожнае праяўленне дабрыні і міласэрнасці вашым бліжнім. За ахвяраваны для самотных і хворых людзей час, за вашыя ахвярныя далоні для бяздомных і інвалідаў, за вашыя ўсмешкі і адкрытыя сэрцы для дзяцей-сірот, за вашую малітву ў інтэнцыях дабрачыннай дзейнасці Касцёла.

Няхай словы Маці Тэрэзы з Калькуты стануць чарговым заахвочваннем да ўмацавання нашых намераў чыніць дабро разам: “Вы можаце зрабіць тое, чаго не магу зрабіць я. Я магу зрабіць тое, чаго не можаце зрабіць вы. Разам мы можам здзяйсняць вялікія справы.

На плённае перажыванне Вялікага Посту і аднаўленне хрысціянскага жыцця сардэчна благаслаўляем ў Імя Айца і Сына і Духа Святога.

 

Мінск, 24.03.2019 г.

 

Каталіцкія Біскупы Беларусі