Другога лютага традыцыйна святкуюцца Грамніцы (Стрэчанне, Устрэчанне) – свята Ахвяравання Пана і Дзень кансэкраванага жыцця.
У свята Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона: «Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў. Сёння свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, ў душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.
Ў нашай краіне гэта свята традыцыйна звязваюць са старажытнай традыцыяй адзначаць сустрэчу зімы з летам. Можна было пачуць:
“А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне,
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула
I ножачку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы”.
Асаблівая роля надавалася свечцы. З прыходам хрысціянства васкавыя свечкі пачалі асвячаць ў Божых храмах (праваслаўных і каталіцкіх). Яны захоўваліся ўвесь год. На Грамніцы беларусы выпальвалі “крыжы” (дзве палачкі, пакладзеныя адна на адну, пры дапамозе якіх раней здабывалі “жывы агонь”) на будынках, каб зберагчы жытло ад нябесных стыхій (дажджу, маланкі). Крыжападобна засмальвалі валасы на галовах дзяцей, каб адагнаць злых чарадзеяў, ведзьмакоў. Таксама й на жывёле. Грамнічныя свечкі пакідалі ў хлявах. Запальвалі іх пры грымотах, калі выганялі кароў вясной, на засеўках, сустракаючы новароджанага, у вясельных абрадах, клалі ў рукі нябожчыку.
Пазней, з прыняццем беларусамі хрысціянства, магічна-ахоўную ролю шуму-грому сталі выконваць асвечаныя царквою ці касцёлам свечкі, якія зноў-такі захавалі ў сабе дахрысціянскую назву – грамніцы. Гэтыя свечкі людзі рыхтавалі самі загадзя. Тыя, хто трымаў пчолы, выплаўлялі самыя вялікія свечкі, у каго іх не было – куплялі жоўты воск у краме або ў знаёмых пчаляроў. Грамнічную свечку кожны гаспадар рыхтаваў самастойна.
У гэтым не дужа складаным і не такім ўжо адказным, як можа падацца на першы погляд, перадсвяточным дзеянні на самай справе была закладзена класічная для традыцыйнай культуры ідэя самазахавання. Усе забудовы, узведзеныя рукамі гаспадара, трэба было абараніць ад варожай сілы агнём той свечкі, якая ў адпаведны дзень будзе зроблена рукамі ўсё таго ж чалавека-гаспадара.
Воск для Грамніц збіралі загадзя, а выраблялі іх у апошнюю перад святам суботу.
Свечкі-грамніцы вылучаліся сярод іншых сваімі незвычайнымі памерамі. Этнографы другой паловы XIX ст. сведчаць, што даўжыня грамнічнай свечкі была прыкладна 10 вяршкоў (44 см), а таўшчыня – 3 чвэрці вяршка (недзе каля 3,5 см). Такія памеры былі абумоўлены практыкай гаспадарчай дзейнасці і той колькасцю абрадавых сітуацый, у якіх грамнічная свечка выступала ключавым атрыбутам.
Пасля таго, як свечкі былі асвечаны ў храме, іх тушылі пераварочваннем кнота ўніз і хавалі за пазуху. Пасля вяртання дадому гаспадар неадкладна даставаў свечку, жонка запальвала яе, і адбываўся абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку бацька абпальваў крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым жонцы і ўсім астатнім членам сям’і па ўзросце. Пасля гэтага ўся сям’я гуртам ішла ў хлеў, дзе агністыя крыжы выпальваліся на поўсці кожнай жывёліны. Затым гаспадар дакранаўся палаючым кнотам да сцен, вушакоў, дзвярэй. Агнём асвечанай свечкі абпальвалі пастаўленыя на зімоўку вуллі. Напрыканцы выканання сямейнай абрадавай дзеі свечку тушылі, прыносілі ў хату і хавалі за бажніцу ці ў куфар. Існавала павер’е: каб злыя духі не ўкралі гаючую і засцерагальную моц грамніцы, яе трэба было трымаць падалей ад чужых вачэй, каб ніхто не ведаў, дзе яна схавана, і нават не здагадваўся, што яна ёсць у хаце.
Грамнічную свечку запальвалі тады, калі насыпалі насенны хлеб у мяшкі перад сяўбой і пры засыпанні ў засек першага вымалачанага хлеба, каб захаваць палетак ад граду.
Без грамнічнай свечкі ні адна гаспадыня не распачынала жніво.
Зразумела, што найбольш моцным абярэгам лічылі грамнічную свечку падчас летняй навальніцы. Як толькі гаспадыня пачуе далёкія грымоты – папярэджанне аб навальніцы, якая магла нарабіць шкоды, – яна тут жа даставала свечку, запальвала яе і ставіла на падаконнік з таго боку хаты, з якога ішла навала.
Грамніцу выкарыстоўвалі і ў кантэксце абрадаў сямейна-родавай накіраванасці: пры прыняцці бабкай-павітухай нованароджанага; пры адпраўленні дзіцяці разам з хроснымі бацькамі да святога хрышчэння; пры адыманні дзіцяці ад грудзей; яна была абавязковым спадарожнікам сватоў, калі яны ішлі сватаць дзяўчыну, калі дружына маладога прыязджала выкупляць маладую, калі вясельны поезд адпраўляўся ў храм да вянца; свечку давалі ў рукі таму чалавеку, які доўга і цяжка паміраў.
У цяперашні час кола людзей, якія трымаюць пчол, звузілася, большасць насельніцтва пражывае ў гарадах, таму сакрэты прыгатавання свечак у дамашніх умовах ведаюць не ўсе. У такім выпадку іх купляюць у дзень свята ў храме. Старыя людзі не раз расказвалі нам пра тое, што замест некалі адной вялікай свечкі, якой хапала на цэлы год, зараз купляюць тры самыя вялікія свечкі, перавязваюць іх «васьмёркай» (старадаўнім знакам вечнасці, бясконцасці) і так захоўваюць на працягу года.
Калісьці ў дзень Грамніц у некаторых храмах асвячалі не толькі свечкі, але і ваду. Па ступені значнасці грамнічная вада лічылася на адным узроўні з той, якую бралі на Вадохрышча. Ваду даволі часта выкарыстоўвалі адначасова са свечкай. Калі хлопец ішоў служыць у войска, то маці з бацькам акраплялі яго на выхадзе з хаты свянцонай вадой і ў голас гаварылі наступныя словы: «Божа, захавай цябе».
Вось і сёння пасля заканчэння святой Імшы кожны з прысутных панёс дадому не толькі свечку, але і веру ў больш шчаслівую долю, спадзяванне на паляпшэнне дабрабыту, надзею на тое, што яго род будзе доўжыцца. Хай яно так і будзе!