10.01.2021 archive

Янв 10 2021

Свята Хросту Пана

У нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана Касцёл адзначае свята Хросту Пана, якім па традыцыі завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Апісанне Хросту Езуса ў Ярдане існуе ва ўсіх трох сінаптычных Евангеллях, а асаблівую ўвагу звяртае на гэтую падзею св. евангеліст Мацвей.

У Евангеллі паводле Мацвея апавядаецца, што Езус прыйшоў з Галілеі над Ярданам да св. Яна, каб прыняць хрост ад яго. Але Ян спыніў Яго, прамовіўшы: «Гэта мне трэба хрысціцца ад Цябе». Аднак Езус хацеў выканаць усё тое, што было справядліва. Калі Езус выйшаў з вады, нябёсы адкрыліся і Дух Святы ў абліччы голуба сышоў на Яго, а голас з неба прамовіў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (пар. Лк 3, 21–22).

З гэтага ўрачыстага акту, ва ўзросце 30 год, Езус Хрыстус распачаў сваю місію навучання. Місію Хрыста пацвердзіў з неба сам Пан Бог, даўшы Яму сведчанне, што Езус — Сын Божы і мае права прамаўляць ад імені Пана.

Падзея Хросту Езуса стала таксама першым у гісторыі выпадкам аб’яўлення ўсёй Святой Тройцы у бачных постацях (трынітарная эпіфанія), калі Бог Айцец прамаўляе, Сын Божы існуе ў чалавечай постаці, а Дух Святы з’яўляецца ў абліччы голуба. (…)