15.12.2020 archive

Дек 15 2020

ЕЗУС СТУКАЕ Ў ДЗВЕРЫ НАШЫХ СЭРЦАЎ, АДЧЫНІМ ЯМУ

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне 2020 года

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыста. Евангелле вядзе нас у Бэтлеем, у месца Нараджэння доўгачаканага Збаўцы свету. Рымскі імператар Аўгуст выдаў загад правесці перапіс насельніцтва. Мы добра ведаем, што гэта такое. Час ад часу ў нас таксама адбываецца перапіс. Апошні раз такая падзея мела месца ў 2019 г.

Паводле загаду імператара, жыхары Рымскай імперыі павінны былі запісацца ў месцы свайго паходжання. Абраннік Марыі, Юзаф, паходзіў з каралеўскага роду Давіда, і таму запіс павінен быў адбыцца ў каралеўскім горадзе Бэтлеем. Марыя была цяжарнай і чакала нараджэння Збаўцы. Так сталася, што час нараджэння супаў з прыбыццём Марыі і Юзафа ў Бэтлеем на перапіс. Трэба было знайсці месца, дзе Марыя магла б радзіць. Юзаф шукае, ён стукае ў дзверы розных дамоў і заездаў. Хоць жыхары Блізкага Усходу адзначаюцца гасціннасцю, тым не менш ніхто не хацеў прыняць у свой дом цяжарную Марыю. У заездзе не было месца, як чытаем у Евангеллі паводле Лукі (пар. Лк 2, 1–7). (…)